НАПЕРАДЗЕ ШМАТ ПРАЦЫ

14 красавіка 2006 г. Аўстрыйская газэта “Kurier” надрукавала “аналітычны артыкул” пра рэлігійную статыстыку ў Эўропе. Аўтар — Юрген Хабэрмас, тытулаваны філёсаф і сацыёляг. Ён паведамляе, колькі дзе каталікоў, пратэстантаў, праваслаўных, няверуючых і г.д. Усё па-нямецку рэгулярна, слупком, нібыта пад акампанэмэнт палкавога барабана. Пад каляровым здымкам надпіс: “Дзьве траціны насельніцтва Грэцыі належаць да праваслаўнай царквы”. А на здымку... маскоўскі патрыярх РПЦ Алексій “в полном облаченіі”.

Наш камэнтар: Вось такія “аналітыкі” у адной з галоўных аўстрыйскіх газэтаў. Гэтыя з дазволу сказаць “навуковыя аўтарытэты” могуць такім чынам праіснаваць усё сваё жыцьцё, надрукаваць тоўстыя манаграфіі, атрымаць прэстыжовыя прэміі, весьці катэдры, утварыць свае “школы” — і ўвесь час атрымліваць шалёныя ганарары, блытаючы боб з гарохам. Беларускім навукоўцам здараецца, што праўда, сустрэць на Захадзе сапраўдных і прафэсійных работнікаў навукі. Але побач з людзьмі творчымі і сумленнымі мы бачым процьму надзвычай актыўных і надзьмутых ад штучнай саліднасьці псэўданавуковых пустышак. І вось жа цікава, вельмі часта менавіта да апошніх зьвяртаюцца па кансультацыі палітыкі і ўрады, калі выпрацоўваюць новыя канцэпцыі міжнародных адносінаў, імі карыстаюцца нібыта салідныя газэты і часопісы. Сапраўдныя навукоўцы часьцей за ўсё застаюцца з рэпутацыяй “надта арыгінальных дзівакоў”. Яны не сьпяшаюцца выдаць свой навуковы аналіз пад дэвізам “чего ізволіте?” З імі “няёмка працаваць”. А згадалі мы пра ўсё гэта вось чаму. Па-першае, беларускім навукоўцам ня трэба камплексаваць перад эўрапейскімі калегамі і не паддавацца на іхны мэнтарскі тон. Па-другое, не павінна нас зьдзіўляць нізкая якасьць інтэлектуальнага прадукту ў шэрагу заходніх распрацовак і выданьняў. У многіх энцыкляпэдыях мы можам прачытаць, напрыклад, пра тое, што “у савецкі пэрыяд Украіна дасягнула вялікага росквіту”. Пра жудасны Галадамор, пра русіфікацыю, зьнішчэньне нацыі там ня будзе напісана нічога. Пра Беларусь і беларусаў у заходніх кніжках процьма розных баек. Часам яны аўтаматычна “перакатаныя” заходнімі славістамі і саветолягамі з савецкіх расейскіх выданьняў. Часам гэтая лухта падаецца чытачу сьвядома, з падачы і па заданьні якога-небудзь маскоўскага акадэмічнага інстытуту (з якім заходні аўтар актыўна “супрацоўнічае”, абараняе свае дысэртацыі і робіць сабе імя ў навуцы).

У беларускіх навукоўцаў наперадзе вельмі шмат працы. Яны павінны засвоіць замежныя мовы, каб быць здольнымі аргумэнтавана (і без “ін'язаўскай” малапісьменнай публікі) абараніць праўду пра беларускую гісторыю, культуру, мову, наш народ і нашу дзяржаўнасьць. Каб прадэманстраваць нікчэмнасьць міфатворчасьці і аплочаных міфатворцаў на беларускую тэму. Мы разумеем, што такая сістэматычная праца будзе магчымай толькі ва ўмовах дэмакратычнай Беларусі. Таму і трэба агульнымі намаганьнямі набліжаць гэты час і быць гатовым да інтэлектуальнай працы.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ