БЕЛАРУСЫ Ў КОСМАСЕ

12 красавіка споўнілася 45 гадоў з дня палёту Юрыя Гагарына ў космас. Ні тады — у 1961 г., ні на працягу наступных дзесяцігоддзяў саўдэпаўская прапаганда аніразу ня піскнула аб тым, што смаленскі маладзён з адкрытай чароўнай усьмешкай і мужным сэрцам называў сябе беларусам (і быў беларусам!). Што ён любіў дэклямаваць верш Янкі Купалы "Хлопчык і лётчык". Толькі нядаўнія публікацыі ў менскай прэсе "рассакрэцілі" гэтую дзяржтаямніцу. Першая жанчына-касманаўтка Валянціна Церашкова днямі "рассакрэцілася" сама. Яна прыехала на фальшывую шклоўскую інаўгурацыю, каб у каторы ўжо раз падтрымаць струхнелы рэжым. Раптам пасярод свайго тэлеманалёгу на БТ яна пачала братацца з намі: "А знаете, ведь мои родители были белорусы..." Цікавая канцэпцыя. А кім жа ты ёсьць сама, калі твае бацькі беларусы? Чаму ня скончаны сказ і не завершана думка? Сорамна прызнацца? Мы і раней ужо здагадваліся, што "Терешкова" паходзіць ад нейкага Цярэшкі. Атрымліваецца, што і першая жанчына ў космасе — беларуска. І не саромецца трэба, а ганарыцца гэтым. Але такая ўжо збочаная імпэрская псіхалёгія.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ