З ЛАВЫ КЛІНТАНА Ў КУРАПАТАХ СКРАЛІ МЭТАЛІЧНЫ ВЯНОК
У Курапатах ізноў апаганілі "лаву Клінтана" — мэмарыяльны знак, усталяваны ў 1994 годзе прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Білам Клінтанам. З лавы скрадзены мэталічны вянок.
Гэта ня першы акт вандалізму. Амаль пяць гадоў таму, летам 2001 году, гарызантальную гранітную пліту раскалолі. Мэмарыяльны знак быў рэстаўраваны скульптарам Алесем Шатэрнікам — на месцы расколу ён усталяваў якраз гэты вянок.
Тое, што адбылося ў Курапатах цяпер, спадар Шатэрнік назваў барбарствам:
Шатэрнік: "Вар'яцтва буяе. Не хацелася зьвязваць гэта з палітыкай, як і раней, але цяпер проста я... Вянок, які там ляжаў, ён жа ж з такога таннага матэрыялу зроблены, ніякай такой каштоўнасьці, каб маглі пажывіцца злодзеі, ён не ўяўляе. Мне здаецца, што проста гэта мэтанакіравана".
Летась пры канцы лістапада невядомыя вандалы павалілі на зямлю амэрыканскі мэмарыяльны знак, а празь некалькі дзён пасьля таго, як лаву паставілі на месца, на яе была нанесеная чырвоная фарба. Тады ж свастыка і зьневажальныя надпісы зьявіліся і на іншых курапацкіх знаках. На факце вандалізму ў Курапатах была заведзеная крымінальная справа. Як патлумачылі Радыё Свабода ў Менскім райадзеле міліцыі, сьледзтва ў гэтай справе яшчэ працягваецца, а пра новы факт вандалізму ў Курапатах ім невядома.
Паводле Радыё "Свабода"