ХВОРАЯ “ІНТРАНІЗАЦЫЯ”
8 красавіка прамаскоўскі рэжым завяршыў чарговую захопніцкую апэрацыю ў Беларусі. Здавалася б, апэрацыя, якую лубянскія начальнікі пачалі раскручваць з канца леташняга сьнежня, скончылася суцэльным лубянскім трыюмфам. "Белорусскій народ мошчно поддержал своего презідента, отдав ему 83% голосов", — зрабілі свае афіцыйныя заявы начальнікі ад Пуціна да Барадзіна і паўтарылі за імі расейскія СМІ. Але чаму ж яны так хутка сьцішыліся, чаму фанфары прагучалі так глуха і не было сапраўднай "пьяняшчей радості победы"?
А таму, што фальсіфікатары ведаюць — іхная "победа" ёсьць несапраўдная, фальшывая, беспэрспэктыўная і ганебная. Яны разумеюць, што гэта ведае і пра гэта публічна заявіў увесь цывілізаваны дэмакратычны сьвет. Яны бачаць, што аб усім здагадаўся беларускі народ. І самае галоўнае — яны самы ведаюць, што выбары былі несапраўдныя, а Лукашэнка ня быў абраны прэзыдэнтам.
"Інаўгурацыя" 8 красавіка была мізэрным спэктаклем. Пасьля абвяшчэньня чарговай "элегантной победы" сам "победітель" бясьследна знік і на працягу двух тыдняў прамільгнуў пару разоў на тэлеэкране, інаўгурацыю адклалі. Народ нават загаварыў аб тым, што на інаўгурацыю вывядуць двайніка шклоўскага начальніка, бо "сапраўднік" ужо ня здольны на выкананьне рытуалу.
І вось настаў гэты дзень. Па пустых праспэктах сталіцы пранеслася калёна браніраваных аўтамабіляў. Адтуль вывелі "яго", "ён" пайшоў па чырвонай дывановай дарожцы. Правая рука скамянелая, час ад часу "ён" рэзка трос ёю. На змрочным твары ня было водблескаў перамогі. У зале палацу рэспублікі сабралася вернападданая публіка, на сцэне сьмешна, як піянэры, сталі шыхтом палатныя начальнікі і галоўны бацюшка РПЦ. Пачалася цырымонія, зайграла музыка. Але ў прасторы агромністай залі з тысячамі вернападданых панавала задушлівая злавесная атмасфэра. Змрочная несапраўднасьць, жудасная фальш — галоўныя прыкметы акцыі пад крыптонімам "прэзыдэнцкія выбары" — усё гэта вызначыла й "дзень трыюмфу". Тое, што адбывалася на сцэне і ў залі, нагадвала чорную сатанінскую імшу, у якой нібыта паўтараюцца формы рытуалу сапраўднай імшы, але ўсё даведзена да абсурду, усё — наадварот і ў славу Нячысьціка. А хіба мог быць іншы рытуал пры інтранізацыі ўзурпатара ўлады? Ці магло быць інакш у арганізатараў паняволеньня і зьнішчэньня нашага народу, у прыслужнікаў маскоўскай імпэрыі? Вось і атрымаўся пэрформанс у стылі паніхіды і адпяваньня.
Далей было трошкі весялей. "Ён" перапрануўся ў маршальскі мундзір і картуз-патэльню, выйшаў да войскаў (дарэчы, у Беларусі не існуе маршальскага званьня, мундзір з пагонамі рпыдуманыя). Цікава, што з усіх вайскоўцаў "яму" сшыхтавалі толькі часткі МЧС і амонаў. Вось сапраўдны сымбаль "надзвычайнай сітуацыі". Сшыхтаваныя крыкнулі "клянёмся", хаця клясьціся "асабіста прэзыдэнту" не прапісана ні ў якіх законах і вайсковых статутах. Пад расейскія каманды, савецкія маршы і з чырвонымі сьцягамі шыхты пратопалі па абноўленаму бруку плошчы.
Яшчэ кінулася ў вочы, што ў залі і на трыбунах для запрошаных па спэцпрапусках практычна не было маладых людзей. Рэжым ня здольны ўжо нават арганізаваць падстаўную тусоўку з БРСМ-аў. Гэта ёсьць рэжым учорашняга дня, нейкі палітычны дыназаўр на эўрапейскай зямлі.
Напярэдадні — увечары 7 красавіка — патрыёты выйшлі на Плошчу Кастуся Каліноўскага пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі і з транспарантамі "Не фашызму!", "Фальсіфікатар — не прэзыдэнт", "За вольную Беларусь!" Яны паказалі, што беларускі народ насуперак хлусьні і рэпрэсіям працягвае змаганьне за сваю незалежную Дзяржаву і Волю.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ