ВЫЗВАЛІЛІ МАРЫЮША МАШКЕВІЧА
8 красавіка 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" дае рэпартаж з памежнага польскага мястэчка Тэрэспаля. Уначы натоўп журналістаў сустракаў Марыюша Машкевіча, які вяртаўся з Беларусі. Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, сп. Машкевіч быў арыштаваны паліцэйшчынай рэжыму на плошчы Кастуся Каліноўскага. Яго кінулі за краты. Калі рэзка пагоршыўся стан ягонага здароўя, то яго трымалі пад аховай у шпіталі, адмаўляючыся вызваліць. Мужны чалавек заявіў журналістам у Тэрэспалі, што будзе і надалей салідарны з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны.
Наш камэнтар: За гады незалежнасьці беларусы пабачылі розных дыпляматаў у сваёй сталіцы. Некаторыя (асабліва немцы) у адкрытую заяўлялі, што "што трэба "белым рускім" (Weissrussen) хутчэй пераходзіць на расейскую мову і далучацца да РФ". Францыя любіць прысылаць у Менск адстаўных белагвардзейцаў з прозьвішчамі расейскіх клясікаў (быў нават адзін Толстой), якія пыхкаюць фаечкай і не прызнаюць існаваньня самабытнай беларускай культуры. А вось польская дыпляматыя заўсёды вызначалася адэкватнасьцю ацэнак і падыходаў, сапраўды працавала і працуе як прадстаўніцтва добрага суседа і прыязнага нам народу. Менавіта таму прамаскоўскі рэжым рэгулярна і настойліва наладжвае антыпольскія правакацыі, дэманструючы сваю подласьць і выконваючы загады сваіх крамлёўскіх гаспадароў. Але беларускія патрыёты добра разумеюць, чаму так надрываецца супраць польскага народу шклоўская гэбельсаўшчына. Нармальныя стасункі паміж Беларусяй і Польшчай могуць існаваць толькі ва ўмовах дэмакратычнай беларускай улады.
Валеры Буйвал, нфармацыйная камісія КХП-БНФ