ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: “ТАКАЯ “ІНАЎГУРАЦЫЯ” ЁСЬЦЬ ЗЬДЗЕКАМ З НАЦЫІ”

У Менску на Кастрычніцкай плошчы 7-га сакавіка міліцыя разагнала ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Лукашэнкі, якая была арганізаваная актывістамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Падзею камэнтуе лідэр партыі Зянон Пазьняк

Пазьняк: "Так званая "інаўгурацыя" фальшывага прэзыдэнта, які ідзе незаконна на трэці тэрмін, які ашукаў свой народ, які растаптаў заканадаўства, — такая "інаўгурацыя" ёсьць зьдзекам з нацыі. І народ ня можа гэта цярпець. Ня можа беларускі народ прыкідвацца, што ўсё добра, што быццам бы так і трэба. Хоць адзін чалавек павінен сказаць, што гэта фальш, што гэта зьдзек, што народ гэтага ніколі не прыме. І гэта вельмі важна. Як пісаў некалі Караткевіч, "і адзін можа". Нічога, што выйшла няшмат. Сёньня важна, што яны ўзялі на сябе адказнасьць за ўсю беларускую нацыю, паказалі, што гэта зьдзек і што народ гэтага цярпець ня будзе. І такога фальшу прымаць таксама ня будзе".

Сяргей Навумчык, Прага.