ПАДЗЯКА ПОЛЬСКІМ СЯБРАМ
Беларускі народ перажывае драматычны пэрыяд сваёй гісторыі. У чарговы раз рэжым Лукашэнкі імкнецца растаптаць Канстытуцыю і Закон, каб працягнуць палітыку зьнішчэньня нашай краіны і народу. Імпэрыялістычная Масква кіруе гэтай антыбеларускай палітыкай, выкарыстоўваючы групу здраднікаў уласнага народу і агентуры КГБ-ФСБ дзеля дасягненьня сваёй мэты — аднаўленьня расёйскай імпэрыі ў былых межах.
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў наш народ, аднак, устаў на абарону Канстытуцыі і дзяржаўнай незалежнасьці. Распачаўся новы этап нашага нацыянальнага змаганьня супраць прамаскоўскай дыктатуры. У авангардзе мы бачым нашу цудоўную і мужную моладзь, якая ўступіла ў барацьбу пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Новае пакаленьне Беларусаў не прымае імпэрыялістычнага маразму з Усходу і бароніць беларускую культуру, мову, нашу незалежную дзяржаву ад агрэсіі расейскага фашызму.
У гэтыя драматычныя дні наш народ атрымаў падтрымку ад польскага народу. Палітыкі, журналісты, прадстаўнікі гуманітарных арганізацыяў, простыя палякі словам і справай падтрымалі беларускіх патрыётаў. Канцэрты, канфэрэнцыі, маніфэстацыі салідарнасьці адбываліся ў Польшчы пад нашым нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, забароненым прамаскоўскім рэжымам. Менавіта польскія дэпутаты найбольш актыўна выступілі ў Эўрапейскім Парляманце, патрабуючы падтрымкі нашага народу ў змаганьні, а таксама непрызнаньня сфальшаваных выбараў і ўвядзеньня санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Польскія дэпутаты выступілі пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, гэта ёсьць цудоўны сымбаль салідарнасьці. Палякі былі разам з намі на акцыях пратэсту ў Менску, падчас рэпрэсіяў і ў турмах дыктатуры.
Дзякуем нашых добрых суседзяў і сяброў. Наш народ заўсёды будзе памятаць салідарнасьць польскага народу пад гістарычным лёзунгам “За Нашу і Вашу Свабоду!” Мы ўпэўненыя, што Беларусь скіне ярмо акупацыйнага рэжыму і вернецца ў сямью эўрапейскіх народаў.
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
9 красавіка 2006 г.
Менск