АНТЫФАШЫСТОЎСКІ МІТЫНГ У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ
7 красавіка ў цэнтры Менску — на плошчы, якую беларуская моладзь назвала імем Кастуся Каліноўскага (рэжым называе яе Кастрычніцкай) сабралося больш за 200 патрыётаў, большасьць маладыя людзі. Яны прышлі на плошчу, на якой заўтра, 8 красавіка узурпатар прэзыдэнцкай улады Лукашэнка зьбіраецца правесьці сваю фальшывую інаўгурацыю. У 19:00 юнакі і дзяўчаты высока ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Людзі разгарнулі транспаранты — "Не фашызму!", "За вольную Беларусь!" і "Фальсіфікатар — не прэзыдэнт". Загучэў змагарны лёзунг Беларускага Адраджэньня — "Жыве Беларусь!" Наперад выйшаў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён заявіў: "Беларускі народ ня стаў на калені. Наш народ абароніць сваю годнасьць. Антыбеларуская дыктатура сфальшавала выбары і цяпер зьбіраецца наладзіць фальшывую інаўгурацыю. Мы стаім на месцы, дзе мужная беларуская моладзь пачала новы этап вызваленьня нашай краіны ад маскоўскага фашызму. Фашызм ня пройдзе! Ня будзе фальшывы рэжым нішчыць нашу краіну і зьдзеквацца з народу. Нашым адказам на фашыстоўскую агрэсію ёсьць народная Беларуская Салідарнасьць!".
Дэманстранты трымаліся сьмела і незалежна. Гучэлі рэзкія лёзунгі і азначэньні: "Пуцінская гэбоўская кодла падавіцца Беларусьсю!", "Не аддамо фашыстам нашу Радзіму!".
Людзей з усіх бакоў атачыла паліцэйшчына ў цывільным. Спэцназаўцы ва ўніформах пачалі адціскаць і адштурхоўваць усіх з плошчы ў бок цырку. Агенты ў цывільным і спэцназаўцы кінуліся вырываць сьцягі і транспаранты. Агульнымі намаганьнямі дэманстрантам удалося вырваць з рук спэцназаўцаў і агентаў некалькі ўжо захопленых людзей. Але ў выніку брутальнай паліцэйскай акцыі былі ўсё ж арыштаваныя і дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну сталіцы Юры Беленькі, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Эдуард Бокій і Ільля Шыманскі. Арыштавалі таксама Уладзімера Мікалаева і Уладзімера Богача.
Патрыёты Беларусі змагаюцца і не стануць на калені перад прамаскоўскай хунтай.
Заўтра рэжым хоча наладзіць спэктакль "уступленьня у пасаду", але дні гэтага рэжыму ўжо палічаны.
Інфармацыйная камісія КХП-БНФ