ПРАМАСКОЎСКАМУ РЭЖЫМУ НАСТАНЕ КАНЕЦ
6 красавіка 2006 г. Брытанская газэта "Times" піша пра чарговы этап суда над ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам. Ва ўмовах дэмакратыі Садам асьмялеў, пачаў крычаць на суддзю. Нават сам пачаў выступаць у ролі абвінаваўцы. Немым крыкам ён абвінавачвае сваіх падначаленых у забойствах сотняў жыхароў вёскі пад Багдадам у 1982 г. і 100 тысячаў курдаў у 1988 г. (гэта асноўныя абвінавачваньні, высунутыя супраць яго). Егіпцянка-адвакат Садама таксама пачала крычаць у зале суда. Калі яе выводзіла варта, яна ўсё крычала і паказвала вядомыя здымкі з амэрыканскай турмы Абу-Граіб (дзе некалькі ахоўнікаў зьдзекваліся з вязьняў).
Наш камэнтар: На працягу дзесяцігоддзяў садамаўскай дыктатуры праз судзілішчы і зусім без суда былі па-зьверску забітыя, катаваныя і кінутыя за краты сотні тысячаў людзей. І вось цяпер галоўны злачынца з дапамогай хваткіх "праваабаронцаў" і адвакатаў звальвае ўсю віну на генэралаў і міністраў, выстаўляючы сябе "бацькам народу". Без сумневу, мы яшчэ пабачым гэтакія сцэны на справядлівым судзе над прамаскоўскай дыктатурай, якая цяпер зьнішчае Беларусь. Усе гэтыя навумавы, тозікі, пракаповічы, канаплёвы, сухаранкі будуць валіць усю адказнасьць на "бацьку народу". А той будзе валіць на іх. Масква адмахнецца ад сваіх былых халуёў. Мільёны людзей у Беларусі і па-за межамі будуць назіраць за пачварным і ў пэўнай ступені камічным працэсам канчатковага распаду прамаскоўскай хунты. Прысуд будзе адэкватны Закону. І няхай дзяржаўныя злачынцы не спадзяюцца на амністыю.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ