СУМНІЎНЫ ШРОДЭР

Міжнародныя тэлеканалы 2 красавіка зноў дэманструюць фальшывую ўсьмешачку канцлера Шродэра. Канчаткова нават немцам становіцца зразумелым, што на працягу сваёй кар'еры на пасадзе канцлера ФРГ Шродэр быў цалкам залежнай ад Масквы марыянэткай. Адкрываюцца новыя дэталі мафійнай змовы за плячыма народаў. Нямецкія газэты пішуць пра тое, што ўрад Шродэра заранёў рыхтаваўся да прафэсійнай дзейнасьці ў нямецка-расейскім газаправодзе. Раскрылася, што яшчэ знаходзячыся пры ўладзе, гэты ўрад даў расейскаму "Газпрому" мільярдны крэдыт. 24 кастрычніка 2005 г. (за месяц да перадачы ўлады новай канцлер Мэркэль) Шродэрскі ўрад прыняў абавязацельствы гарантаваць пагашэньне гэтага крэдыту (грашыма нямецкіх грамадзянаў-падаткаплацельшчыкаў) ня толькі ў выпадку эканамічных, але таксама й палітычных рызыкаў. Што да "палытычных рызыкаў", то кантракт дэталяў не падае. Мы, аднак, разумеем, што йдзецца пра верагодны салідарны супраціў справе расейска-нямецкага падводнага газаправоду з боку балтыйскіх краінаў і Польшчы, а таксама пра верагодны блізкі крах прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Прадстаўнікі розных партыяў (у тым ліку ягоныя былыя партнэры па кааліцыі) зашумелі ў Бундэстагу пра "палітычную матываванасьць" ягонай дзейнасьці. Шродэр на гэта ўдае ягня і кажа, што мільярдны крэдыт быў прыняты ўрадам, а ня ім. У мафіі такое называецца "здаваць сваіх". Уся гэтая гісторыя яшчэ раз даказвае: дзе зьяўляецца Масква з яе газамі і міністрамі, там пачынаецца хуткасны працэс гніеньня і распаду элітаў, заангажаваных у мафійныя справы з расейцамі.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ