ВЫХОДЗЯЦЬ З-ПАД АРЫШТУ

Са сьценаў Жодзінскага ізалятара выходзяць 84 чалавекі, іх сустракае каля трохсот чалавек, сярод іх шмат прадстаўнікоў прафсаюзаў, прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі забясьпечылі транспарт, каб развесьці дадому вызваленых з Жодзіна, а таксама з турмы на Акрэсьціна. Зараз выходзяць на волю людзі, якяі трымалі галадоўку, сярод іх Дзяніс Буйніцкі з Бабруйску. Хлопцы кажуць, што адчуваюць сябе больш-меньш нармальна. Выпусьцілі журналіста Вадзіма Казначэева. Жонкі, сваякі і прысутныя сустракаюць вызваленых воклічамі "Жыве Беларусь!", "Слава героям!".

Сьвятлана: "Сьпявалі разам NRM — "Паветраны шар", "Тры чарапахі". "Купалінку". Шмат чаго сьпявалі. Размаўлялі паміж камэрамі празь вэнтыляцыю. Навіны перадавалі — праз вэнтыляцыю. Перастукваліся па сьценах, па батарэях у рытме "Жыве Беларусь!"Потым, калі хтосьці выходзіць, на калідоры крычыць: "Жыве Беларусь!" І ўсе, з усіх камэр, яму адказваюць: "Жыве!".

Сьвятлану на выхадзе з Акрэсьціна чакалі з кветкамі, паветранымі шарамі і шампанскім родныя і сябры — амаль трыццаць чалавек. Дзяўчына ледзьве стрымала сьлёзы. З другога паверху старога корпусу турмы знакам "вікторыя" цягнулі рукі хлопцы. І калі Сьвета садзілася ў машыну, пракрычала тым, што заставаліся за кратамі: "Жыве Беларусь!" Вязьні дружна адгукнуліся: "Жыве!".

Сьвятлана: "Я зрабіла высновы, што не дарма мы там сядзелі, і сапраўды — жыве Беларусь! Гледзячы на тое, што адбываецца, што адбывалася там, зараз я дакладна ведаю, што — жыве! Абавязкова будзем выходзіць. І, я думаю, зараз нас будзе значна болей, чым было на Кастрычніцкай плошчы. Будзем выходзіць і на Чарнобыльскі шлях, і на іншыя акцыі пратэсту супраць гэтага рэжыму. З кім я размаўляла, ніхто не казаў, што гэта было марна і што наступным разам ня пойдуць".

Паводле Радыё "Свабода"