КАБІНЕТНАЯ ПАЛІТЫКА
2 красавіка 2006 г. Нямецкая газэта "Die Welt" бярэ інтэрв'ю ў брытанскага прафэсара гісторыі Нормана Стоўна. Той разважае пра Украіну: "Аранжавая рэвалюцыя, якая адарвала Украіну ад Расеі і накіроўвае яе ў бок Эўропы, супярэчыла большай частцы насельніцтва". Паводле прафэсара, Украіне трэба захоўваць балянс паміж Захадам і Расеяй. Што ж гэта за такі "балянс"? Стоўн дэманструе яго на прыкладзе... Беларусі: "Расейцы ў стане некага мець у гэтым рэгіёне, на каго яны могуць абаперціся. Гэта — Лукашэнка і Беларусь, у якіх справы йдуць ня так кепска. Няма беспрацоўя, Менск — гэта функцыянуючы горад". (Прафэсар, відаць, вучыўся аргумэнтацыі ў Мілінкевіча). Наконт імкненьня цяперашняга кіраўніцтва Украіны наблізіцца да Эўропы Стоўн выказваецца яшчэ больш арыгінальна: "Гэта што, Брэст-Літоўскі мір з чалавечым тварам?" У канцы інтэрвію брытанскі тэарэтык заяўляе, што Эўропа ўжо ня можа пашырацца далей. Што ёсьць праблема энэргарэсурсаў, што ўкраінцы ня здолеюць наладзіць чысьціню на сваіх працоўных месцах і г.д.
Наш камэнтар: Нямецкім журналістам давялося далёка шукаць тэарэтыка-вастраслова. Ажно ў Турцыі, дзе брытанец выкладае ва Унівэрсітэце Бількэнт у Анкары. Занэрваваліся саветолягі ўсіх краінаў. Пад магутным напорам народнага супраціву сыпецца іхная кабінэтная мадэлька падзелу Эўропы (згадваючы пра Берасьцейскі мір 1918 году, яны раскрываюць сутнасьць нямецка-расейскай змовы на тэму падзелу). Паводле мадэлькі, роля ўкраінскага і беларускага народаў палягае ў рабскім падпарадкаваньні маскоўскаму каляніяльнаму начальству і забеспячэньні транзіту нафты-газу з Расеі на Захад. Дзеля гэтага ўсе сродкі добрыя, нават антычалавечы і ганебны рэжым у Менску (дзякуй прафэсару за шчырасьць, што прызнае маскоўскую сутнасьць гэтага рэжыму). Нямецка-брытанскі цынізм са старонак газэткі, не павінен шакіраваць нас. На Захадзе даўно ўжо склалася каста майстроў і гран-маэстраў палітычнага цынізму, які вельмі выразна называецца па-нямецку Realpolitiek. Зразумела, што гэтая публіка — сапраўды не рамантыкі, а "рэалісты", якія прызвычаяліся апэрыраваць народамі, як статкамі быдла, а краінамі, як шахматнымі фігуркамі. На працягу стагоддзяў эўрапейскай гісторыі гэтыя "рэалісты" ужо давялі чалавецтва да шэрагу катастрофаў. Іх нічаму не навучылі не бамбардоўкі Лёндана, ні савецкі Галадамор ва Ўкраіне, ні Гітлер, ні Сталін. Яны на любым матэр'яле зробяць акадэмічную кар'ерку і дадуць інтэрв'ю.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ