ЗМАГАЮЦЦА ЗА СВАБОДУ

3 красавіка 2006 г. Французкая газэта "Le Figaro" паведамляе пра шосты дзень магутных выступаў курдскага насельніцтва ў паўднёва-усходніх раёнах краіны. Курды патрабуюць прызнаньня іх нацыянальна-культурных правоў і аўтаноміі. У сутыкненьнях з паліцыяй і войскамі загінулі ўжо 12 курдаў. Прэмьер Турцыі Эрдаган зьвярнуўся да курдскіх бацькоў з заклікам-папярэджаньнем не пускаць іхных сыноў на змаганьне. Прэмьер заявіў цынічна: "Калі вы заўтра заплачаце, то гэта ўжо не дапаможа". Падчас сутыкненьняў былі забіты двое дзяцей васьмі і трох гадоў.

Наш камэнтар: Такога вось новага "эўрапейскага сябра" хочуць прыняць у Эўразьвяз брусэльскія эўрачыноўнікі. Для іх Украіна "недастаткова эўрапейская", для іх "Украіна павінна заставацца ў арбіце Расеі" (ня кажучы ўжо пра нашу Беларусь, якую яны пад квазідэмакратычную рыторыку паціху здаюць у маскоўскую імпэрыю). Курдскі народ вядзе змаганьне за сваю мову, школьніцтва, культуру і самавызначэньне ў надзвычай цяжкіх умовах. За ўсю сваю тысячагадовую гісторыю курды ніколі ня мелі ўласнай дзяржавы. Але яны змагаюцца за сваё. Пасьля разгрому садамаўскага прамаскоўскага рэжыму яны ўжо фактычна дамагліся перамогі і кантралююць тэрыторыю ірацкага Курдыстану, які стаўся ядром курдскай дзяржаўнасьці. Гэтага баяцца турэцкі і іранскі рэжымы, бо ў гэтых краінах таксама жывуць мільёны курдаў. Вось і выступае з цынічнымі заявамі прэмьер Эрдаган. Але нават рэзкі турак ня здольны на лексіку Лукашэнкі (памятаеце нядаўняе на "народном собраніі" у Менску: "Пусть только выйдут на пошчадь, я ім головы пооткручіваю!"). Шклоўскі "прэзыдэнт" у адрозьненьні ад турэцкага калегі крычаў гэта ня ў адрас нейкай меншасьці, а ў адрас беларусаў — гаспадароў сваёй краіны. Няхай жа цяпер крывавы дыктатар пакажа трупы сваіх ахвяраў. Вядома, што сам ён хаваецца ў "бункеры Варашылава" (адрэстаўраваным і мадэрнізаваным бэтонным мяшку на "лініі Сталіна" у Астрашыцкім Гарадку каля Менска), ад страху ня ведае, на які дзень прызначыць сваю фальшывую інаўгурацыю-інтранізацыю. Рэжым з усіх сілаў хавае праўду пра параненых і забітых паліцэйшчынай беларусаў. Масква сьпяшаецца з акпуацыяй-інтэграцыяй, баючыся, што ў бліжэйшы час гнілы шклоўскі рэжым будзе перакулены народам.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ