ПРЭС-РЭЛІЗ САКАВІК 2006 Г.
У апошні дзень каляндарнай зімы ў Маскве выступала міграцыйнае начальства. Прадстаўнік Фэдэральнай міграцыйнай службы РФ Н. Власова заявіла, што "Расеі патрабуецца каля аднаго мільёна мігрантаў-чарнарабочых". Прычына такой патрэбы ў тым, што "скарачаецца колькасьць працаздольнага насельніцтва Расеі, а таксама ў шкодных і небясьпечных умовах працы і нізкіх заробках чарнарабочых". Адным словам, расейцы альбо памерлі альбо ня хочуць працаваць у жудасных умовах. Значыць на небясьпечныя і шкодныя месцы працы Расея гатовая запрасіць замежных рабоў. На гэтай прэс-канфэрэнцыі выказаўся таксама і выканаўчы дырэктар Міжнароднай Арганізацыі Працы (адна з заходніх арганізацыяў-абаронцаў пралетарыяту). Гэты Кары Тапіола сказаў: "Сучаснае грамадзтва мае патрэбу ў мігрантах. Галоўнае, каб яны мелі тыя ж умовы, што і мясцовыя рабочыя". Ну, дык жа тов. Власова так і сказала: "умовы шкодныя і небясьпечныя..." Мы думалі, што Тапіола запрашае сваіх фінскіх суайчыньнікаў паднімаць Расею ў такіх умовах. Але ж не — ён меў на ўвазе некага іншага. Власова паведаміла таксама, што цяпер у Расеі працуюць 500 тысячаў легальных імігрантаў, а яшчэ ад 5 да 11 мільёнаў нелегальных. Дзякуй, канешне, маскоўскаму і эўраначальству за шчыраць. Яны не паўтараюць прыёмы брэжняўскай прапаганды зь яе "приезжай ко мне на БАМ, я тебе лопату дам..." Яны запрашаюць на сьмерць і калецтва беларусаў, украінцаў, узбэкаў, таджыкаў, малдаванаў — усіх тых, хто ня сьпіўся, хто умее працаваць. Постсавецкія "нэгры" будуць "делать работу чёрную..." (Маякоўскі), а белы расеец "будет делать работу белую..." Вось такую "цывілізатарскую місію" прапануе рабочым людзям жудасная і гнілая імпэрыя.
1 сакавіка шклоўскі рэжым раздаваў зоркі герояў савецкага саюза сваім героям. І сапраўды, мэдалькі — дакладная копія "залатой зоркі героя СС". Толькі на стужачцы ёсьць танюпасенькая зялёная палосачка. Сярод "герояў" найбольш кур'ёзны тып — банкаўскі начальнік Пракаповіч з ягонай дурнаватай усьмешачкай. Гэтага "вечна усьмешлівага" узнагародзілі за "рэзкае падвышэньне і паляпшэньне" фінансаў РБ. Па тэлевізару сказалі, што ён шмат золата накапіў у сутарэньнях нацбанку (вось, дарэчы, прыдуць маскоўскія акупанты гаспадарыць у "саюзнай дзяржаве" — а золата на месцы, дадуць Пракаповічу яшчэ адну зорку). Наступным быў прыдворны жывапісец Савіцкі. Ну, з гэтым вечным лёкаям усё даўно ясна, амплуа такое. Таксама, як і з галоўным бацюшкам РПЦ у РБ Філярэтам. Бацюшка дзячыў сваіх "благодетелей" на царкоўна-славянскім дыялекце: "Зело благодарен есьмь. Как ныне, так и присно буду трудиться на благо моего Отечества и на благо моего народа..." Што гэта ў яго за "отечество" і якому народу ён служыць, мы даўно ведаем па выніках русіфікацыі ў РПЦ і ў РБ. Дарэчы, нялішнім будзе ўспомніць, як на ўручэньні расейскага ордэну гэты бацюшка гукаў гады тры таму: "Служу России и союзному государству!..." Такія вось героі нашага часу.
Старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Парляманту Латвіі Індуліс Эмсіс выступіў з прамовай перад дэпутатамі. Ён прывёў факты і абрысаваў карціну інфармацыйнай вайны, якую Расея вядзе супраць Латвіі. У апошні час РФ накіравала сваёй агентуры ў гэтай балтыйскай краіне адзін мільён даляраў толькі на падрыхтоўку і правядзеньне антылатвійскіх акцыяў ў дзень 16 сакавіка, якія адзначаецца народам як Дзень памяці легіянэраў (вайскоўцаў, якія падчас Другой сусьветнай вайны змагаліся супраць расейскіх акупантаў). Старшыня падкрэсьліў, што на працягу гадоў РФ выкарыстоўвае супраць Латвіі агрэсіўныя дзеяньні з выкарыстаньнем найноўшых інфармацыйных тэхналёгіяў.
У Крыме зноў актывізавалася расейская шпана. Перад парлямантам аўтаноміі сабраўся охлас пад расейскімі сьцягамі і з плякатамі "Мы хотим говорить, понимать и жить по-русски!" Маскоўская агентура рвецца ў бой перад незаконным "рэфэрэндумам", на якім яны хочуць абвясьціць у Крыме расейшчыну ў якасьці дзяржаўнай мовы. Хаця ўсё было б лягічна, калі б гэты охлас сабраў бы манаткі ды паехаў у суседнюю краіну, дзе "всё по-русскі".
Адзін балван вытурыў другога балвана. "Незалежныя" СМІ паведамілі пра "рэпрэсію" на тэлебачаньні РБ. Аказваецца днямі новы шклоўскі тэленачальнік Азаронак вытурыў з БТ "таленавітага вядучага праграмы "Падарожжы дылетанта" Ю. Жыгамонта". Радыё Свабода нават прысьвяціла сюжэт гэтай падзеі. Памятаем і мы гэтую "ахвяру рэпрэсіі". Доўга мельцяшэў на мясцовым тэлеэкране гэты чалавечак у капелюшы, крыўляўся і віхляўся на фоне помнікаў беларускай мінуўшчыны. Удаваў "папулярны, у народным стылі расповед" пра нашу культуру і гісторыю. Атрымліваўся брыдкі кактэйль з распярэзанай глупоты і прафэсійнага блюзьнерства. Не выпадкова такога блазна трымалі на службе на антыбеларускім канале. Цяпер яго выкінулі, але на камэнтарах па культуры застаўся такі Рэвуцкі, лексіка і выгляд якога мягка кажучы выклікаюць пытаньні ў нармальных людзей. Даўно вядома, што на БТ рэжым адмыслова назьбіраў шайку рознажанравых бездараў і прафэсійных ненавісьнікаў Беларусі і беларушчыны. На пальцах можна пералічыць талковыя праграмы і адэкватныя фізіяноміі за дзесяцігоддзі практыкі гэтага каналу. А цяпер Свабодка прапануе нам заплакаць над гэтым звальненьнем.
2 сакавіка Парлямант Эстоніі прыняў закон аб Дні ахвяраў акупацыі 22 верасьня. Раней расейскія акупанты сьвяткавалі ў гэты дзень "вызваленьне Эстоніі ў 1944 г. ад немцаў". Эстонскія парлямантары падкрэсьліваюць, што гэты мэмарыяльны дзень павінен "сымбалізаваць пакуты эстонскага народу ад акупантаў" (маюцца на ўвазе любыя акупанты, што ўрываліся ў Эстонію з Усходу і Захаду). Паводле новага закону, у гэты дзень забараняюцца любыя мерапрыемствы, ня звязаныя з ушанаваньнем памяці ахвяраў акупацыі. Прыйдзецца расейскім асаднікам і адстаўной шушары піць гарэлку па хатах і не высоўвацца на двор са сваімі чырвонымі сьцягамі.
2 сакавіка зьезд прафсаюзаў работнікаў грамадзянскай авіяцыі РФ прыняў адмысловую заяву ў адказ на новы закон "аб тэрарызьме", канчаткова прыняты ў Расеі. Лётчыкі заяўляюць, што лётаць пад пастаяннай пагрозай быць зьбітымі ракетамі мінабароны — гэты невыносная ўмова працы. Яны нагадваюць, што прафэсійна і маральна адказныя за жыцьцё пасажыраў. А ў мінабароне хоць бы хны. Начальнік генштаба Балуеўскі ва ўсю распрацоўвае правілы састрэльваньня грамадзянскіх самалётаў і штурму жылых дамоў танкамі. Генэрал з усьмешачкай расказвае пра гэта на прэс-канфэрэнцыях. Якая ўсё ж жудасная гэтая Расея!
Нямецкія нацысты, як вядома, былі вельмі шчырыя ў сваіх заявах: "Мы вас усіх зьнішчым. Арганізуем "Lebensraum", на якім будзе жыць арыйская нямецкая нацыя..." Расейскі імпэрыялізм доўга гуляўся ў "сьветлую будучыню чалавецтва", але апошнім часам стаў усё часьцей пераходзіць на фашыстоўскую лексіку. Дзярждума разаслала па РФ чарговы заканапраект. Яго уважліва пачыталі татарскія інтэлектуалы. Камітэт дзяржаўнай рады Татарстану па культуры, навуцы, адукацыі і нацыянальных пытаньнях 3 сакавіка рэзка адхіліў гэты праект фэдэральнага закону пад назовам "Аб асноўных напрамках нацыянальнай палітыкі". Татары зьвярнулі ўвагу на тое, што ў тэкст уведзена паняцьце "русского народа, который является государствообразующим народом, самоопределившимся на всей территории РФ", а таксама дэфініцыя "главенствующей роли русского народа". Ну, як вам гэтыя фармулёвачкі на фоне забойстваў у Маскве і Пецярбургу пад крыкі "Бей жідов і чурок!" Навучыліся думскія лубянцы вязаць слоўцы кшталту "государствообразуюшчім", як пятлю на шыю нярускіх народаў. Імпэрскі монстр у адкрытую, з дзіўнай шчырасьцю папярэджвае татарскі, башкірскі, украінскі, беларускі і іншыя народы пра свае намеры. Згаданым народам трэба ўсьведаміць фашыстоўскую небясьпеку з Масквы і салідарна супрацьпаставіцца імпэрскаму монстру.
4 сакавіка ў г. Грозным заснавалі чарговую ўсходнюю дынастыю. Кадырава-малодшага абвясьцілі "председателем правітельства Чечні" (так называецца марыянэткавы псэўдаўрад, які расейскія акупанты трымаюць у якасьці ўдаўкі на горле чачэнскага народу). У горадзе нават былі "народные гулянія". "Гулянія" нам, аднак, па расейскіх тэлеканалах не паказалі, абмежаваліся кабінэтнымі сцэнамі. Бо зразумела, што вакол "гуляючых" была процьма акупанцкіх танкаў і маскоўскіх галаварэзаў. Рэпарцёрка бадзёра расказавала пра новага "председателя-предателя": "Рамзан Кадыров был весел, много шутил и сказал, что никого в команде не заменит..." Памятаем, як часам ашчэрваў манструальную ўсьмешачку Кадыраў-старэйшы і аддаваў загады сваім іржава-мэталічным голасам. Што да "нікого не заменіт", то сапраўды, камандваць і мяняць будзе акупанцкая маскоўская банда. Тая ж банда два гады таму ўзяла ды й замяніла самога Кадырава, падклаўшы пад яго магутную бомбу. На месца забітага бандыты паставілі Сярожку Абрамава, гастралёра з Масквы. Ён баяўся, трымцеў, але з часам засвоіўся з новай рольлю. Аднак, як толькі набраўся важнасьці, на ягоны аўтамабіль у прыгарадзе Масквы наехаў значна большы аўтамабіль, і Сярожка апынуўся ў шпіталі. Ёсьць такая лубянскай гульня. Называецца "чехорда" альбо "русская рулетка". Кожны, хто хоча паслужыць "нашей велікой родіне", павінен прымаць умовы гэтай гульні. Вось і Кадырка Другі, атрымаўшы пуцінскі ярлык на княжаньне, сьмяецца і жартуе. Цікава, колькі пясочку засталося ў лубянскай клепсідры?
Нават расейская журналістыка паціскае плячыма і пытаецца: "У чым жа быў сэнс безвыніковага візыту кіраўніцтва Хамас у Маскву?" Прыехала група барадачоў з палаючымі вачыма ў "століцу велікой родіны". Пуціна якраз не было ў Маскве. Адразу ў аэрапорце хамасаўцы заявілі (як кажуць палякі — "prosto z mostu"), што як не прызнавалі, так і не прызнаюць права Ізраіля на існаваньне. З гэтым перакананьнем яны з Масквы, як вядома, і зьехалі. Дэлегаты рытуальна паразмаўлялі з міністрам замежных справаў Лаўровым, муфціямі РФ, сустрэліся з усходазнаўцамі. Атрымаўся нейкі навукова-акадэмічны візыт для дэлегацыі, якая займалася доўгія гады не акадэмічнай навукай, а ваеннымі дзеяньнямі ў самых жорсткіх формах. Чаму ж зьявіліся ў Маскве гэтыя прадстаўнікі? Ці такі ўжо безвыніковы гэты палестынскі візыт у "белакаменнай"? Яшчэ з часоў Ясіра Арафата і крамлёўскіх генсекаў менавіта Масква забясьпечвала зброяй і школіла легіёны палестынскіх байцоў і камандзёраў (іншымі словамі "займалася міратворчай дзейнасьцю" на Блізкім Усходзе). Упэўненасьць, зь якой афіцыйная Масква паводзіць сабе з Хамасам, радасная рэакцыя Крамля на разгубленасьць і страх ізраільскага кіраўніцтва і грамадзтва пасьля перамогі Хамаса на палестынскіх выбарах — усё гэта сьведчыць пра невыпадковасьць гэтай тэндэнцыі. Днямі маскоўскі эстэблішмэнт проста рытуальна прыняў і павіншаваў сваіх усходніх кліентаў (якіх у Ізраілі называюць тэрарыстамі). Расейская імпэрыя зьбіраецца і надалей "мацаваць мір на Усходзе". Што ж, яна мае вялікі каўказкі досьвед.
У першыя дні сакавіка на вуліцах беларускіх гарадоў рэжым загадаў разьвесіць-расклеіць яркія агромністыя і меншых памераў плякаты. Зялёна-чырвоны колер вызначае дэвізы гэтай рэжымнай кампаніі: "За Беларусь независимую", потым "За Беларусь процветающую", "За Беларусь мирную" и г.д. На выявах салодкія амонаўцы, шчасьлівыя калгасныя старэчы, энтузіястычныя БРСМаўцы ды іншая рэклямная лухта. Найбольш змрочны па калярыту і, трэба прызнацца, найбольш адэкватны па вобразнаму рашэньню транспарант пра "Беларусь просвешчённую". Сярэднестатыстычны падлетак у школьным мундзірчыку "смотрыт вперод" (цытуем Лукашэнку), а на фоне — змрочная чорная клясная дошка, на якой крэйдай напісана "Моя родина — Беларусь. Я живу в Минске..." Рэжым куражыцца, прамаскоўскім халуям здаецца, што яны назаўсёды зьнішчылі беларускую мову і беларускае школьніцтва. Зьнішчаючы нашу незалежную дзяржаву, яны плявузгаюць пра "незавісімость". І думаюць, што так яно й застанецца, што яны будуць нішчыць і разбураць бясконца. Але трымцяць здраднікі, баяцца сказаць народу праўду пра маскоўскі праект паглынаньня нашай Беларусі расейскай імпэрыяй. Баяцца ў адкрытую выкінуць лёзунг "Все за союзное гасударство, товарішчі! Вся власть советам!" Блюзьнерскі "патрыятызм" рэжымных ваўкулакаў-прадажнікаў — мана на кароткіх ножках. Яна рассыпецца адразу, калі беларускі народ устане на абарону сваёй сапраўднай незалежнасьці (а не лубянскай "незавісімості"), сваёй мовы і культуры.
Разам з рэжымам і тымі ж мэтадамі дзейнічае псэўдаапазыцыя РБ. Тэлеканал "Эўраньюс" з 5 сакавіка ўжо суткі круціць рэпартаж з Баранавічаў, дзе ў вялікай зале выступаў "адзіны" Мілінкевіч. Яркія карцінкі з гэтай падзеі перадала таксама радыё Свабода. Журналісты распавялі, як Мілінкевіч заклікае людзей выйсьці на плошчу 19 сакавіка, якая ён альтэрнатыва Лукашэнку. Паведамілі пра спробу ворагаў дэмакратыі сарваць сустрэчу выкрыкамі "За Лукашенко!", што хорам гучалі з залі. Але "наш герой" мужна давёў сустрэчу да канца і паехаў у Салігорск. Што ж адбылося ў Баранавічах на самой справе. Пра падзеі расказаў нам сп. Яўген Даўгіловіч, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Мілінкевіч выступаў (як заўсёды) выключна на мове расейскіх акупантаў Беларусі. На сустрэчы наагул не прагучала аніводнага беларускага слова. Сярод іншага Мілінкевіч заявіў: "Мы сделаем интеграцию с Россией ещё тесней, чем Лукашенко..." Калі публіка спытала ў яго, што трэба рабіць на плошчы 19 сакавіка, калі стане вядома, што рэжым сфальсіфікаваў выбары, "адзіны" адказаў не маргнуўшы вокам: "Мы выскажем наше мнение и разойдёмся по домам..." У зале і на сцэне не было аніводнага бел-чырвона-белага сьцягу. Але самае цікавае адбылося з "правакатарамі". Калі яны накрычаліся "за лукашенко", Мілінкевіч раптам махнуў рукой і гукнуў: "Ну хватит, идите уже..." І ўсе яны, што крычалі — усталі і пайшлі з залі (!!!). Яны атрымалі загад. Яны — адна каманда, у іх адны задачы. І вось усю гэтую імітацыю Свабодка і міжнародны тэлеканал падносяць мільёнам людзей як сапраўдны эпізод барыкаднай барацьбы супраць дыктатуры. Многія людзі, выходзячы з баранавіцкай залі, ківалі галовамі і казалі: "Дык гэта ж другі Ганчарык..." Разумных людзей не падманеш.
6 сакавіка крамлёўскае начальства весялілася і піла шампан. Пуцін з прэмьерам Фрадковым і віцэ-прэмьерам (а таксама міністрам вайны) Івановым наладзіў прыём для алімпійскай зборнай у Крамлі. Усі актыўна рагаталі. Расейскае тэлебачаньне паказала і пракамэнтавала: "Путин даже приобнял фигуристку Слуцкую..." Начальнік раздаваў атлетам-мэдалістам аўтамабілі і грашовыя прызы. Атлеткам вынесьлі таксама дарагую біжутэрыю. Дапіўшы шампан, Пуцін зайшоў у свой кабінэт і падмахнуў новы тэрарыстычны закон "Аб тэрарызме", ужо адобраны ў Думе. Цяпер ён зусім легальна можа паліць жыўцом дзяцей цэлымі школамі, збіваць пасажырскія самалёты цэлымі эскадрыльямі, труціць тэатральныя імпрэзы газамі і штурмаваць на танках жылыя кварталы — прычым усё гэта ў любой краіне сьвету. Жудасны маскоўскі калейдаскоп працягвае круціцца.
У той жа дзень маскоўскі дэсант начале з міністрам замежных справаў Лаўровым заваёўваў Канаду. Там таксама шмат сьмяяліся. Новаму прэмьеру Канады Маккэю дагэтуль сьмешна пасьля выйграных нядаўна выбараў. Ён бадзёра братаўся з Лаўровым, заяўляў, што "адінай змрочнай старонкай у канадска-расейскіх адносінах зьяўляецца алімпійская параза канадскіх хакеістаў ад расейскай зборнай" (сьмех у залі). Расейскія тэлеканалы паведамілі таксама пад гэтую падзею, што "канадскі бізнэс рвецца на расейскія рынкі". Ну што ж, зарабіць хочацца ўсім. Толькі няхай бы спачатку імпэтныя бізнэсоўцы распыталі сваіх эўрапейскіх папярэднікаў. Тыя б ім паведамілі, як тысячы іх расейскія кампаньёны "ліхо взулі на необ'ятных просторах Россіі" (любімая формула мафійнага расейскага капіталу). Як актыўны ўдзел у працэсе "взуванія" прымала скарумпаванае чынавенства, міліцыя і спэцслужбы. Пасьля Мадрыда, Будапэшта і Прагі пірацкі чорны сьцяг Лубянкі з чэрапам і касьцямі ўзьняты яшчэ над адной сталіцай. Хто наступны?
Расейскі афіцыёз надрываецца: "Эканамічная блякада, як яны пасьмелі?!" Справа вось у чым. 3 сакавіка Украіна заявіла, што будзе пускаць на сваю тэрыторыю з Малдовы толькі тыя грузы і пасажырскія цягнікі, якія аформлены мытняй Малдовы. У сувярэннай Малдовы ня ўзьнікла ніякіх праблемаў. А вось акупаваная расейскай арміяй Трансністрыя (Прыднястроўе) адразу апынулася перад зачыненымі дзьвярмі ўкраінскай дзяржавы. Бо там, як вядома, існуе някім ня прызнаная марыянэткавая псэўдадзяржава, якая трымаецца на расейскіх адстаўніках-асадніках і расейскіх штыках (гэта ўсяроўна, што савецкі ваенгарадок Мачулішчы пад Менскам альбо Кісялевічы пад Бабруйскам абвясьцілі б пра сваю "дзяржаўнасьць"). Прэмьер-міністар Малдовы Васіле Тарлеў заявіў, што "дагэтуль у Малдове не існавала адзіная мытная прастора і цяпер гэтае становішча трэба мяняць". Украіна, якая ў выніку народнай рэвалюцыі вырвалася з каляніяльнай залежнасьці Масквы, таксама зацікаўленая ў ліквідацыі прыднястроўскай язвы і нармальных адносінах з сувярэннай Малдовай. Пачынае сыпацца акупанцкая мадэль дэстабілізацыі постсавецкіх краінаў, перакульваецца праект акупанцкага рэваншу. 6 сакавіка ў "сталіцу" асаднікаў Цераспаль прыляцела маскоўская афіцыйная дэлегацыя "спэцыялістаў". Яны лемантуюць пра "эканамічную блякаду" на тэрыторыі чужой дзяржавы. Яны прэтэндуюць на ролю начальнікаў ў чужым, ўнутраным канфлікце. А ўсё ж часам беларуская душа пэўным чынам спачувае гэтай публіцы. Зусім яшчэ нядаўна мардастыя асаднікі савецкай арміі, іхныя жонкі з пустымі тварамі пачуваліся элітай на захопленых Масквой тэрыторыях, куражыліся, казалі мясцовым жыхарам: "Разговарівайте со мной по-русскі, по-человеческі..." Яны выходзілі на плошчы Рыгі, Таліна, Кіева і Кішынёва шматтысячнымі натоўпамі пад чырвонымі сьцягамі і з праклёнам народам, якія імкнуліся да сваёй дзяржаўнасьці. І вось ужо няма любімай саўдэпіі, на працу не бяруць бяз веданьня дзяржаўных моваў ды яшчэ й кажуць прама ў твар розныя латышы, малдаване ды эстонцы: "Мы нічога не забыліся, мы вас памятаем пад чырвонымі сьцягамі, каціцеся, пакуль ня позна ў сваю Расею..." Ах, как некомфортно, как нехорошо! А яны ж толькі хацелі ўсталяваць паўсюль свой крамлёўскі камунізм ды навучыць "лабусов", "бульбашей" і "хохлов" разговарівать по-русскі. Какая нежданная неблагодарность!
На пачатку сакавіка ў расейскіх СМІ пачалі актыўна прасочвацца зьвесткі пра катастрафічны стан "храма Лужкова спасітеля" у Маскве. Вялікі камбінатар-мэр любіць калясальныя праекты і ў 1990-я гады загадаў пабудаваць на месцы агромністга бальшавіцкага басэйну агромністую ж копію сабора, створанага на гэтым месцы царскай імпэрыяй у 2-й палове 19-га ст. і разбуранага Сталіным у 1931 г. Ужо ў 1990-я гады многія ў Расеі пыталіся, навошта Маскве такі агромністы сакральны будынак і ці ня лепш было б пабудаваць на тыя ж сродкі сотні цэркваў на правінцыі. Але крамлёўцам і РПЦ хацелася эгіпецкага гігантызму. Аднак, месца і праект аказаліся выклятымі. Справа ў тым, што на гэтым месцы з 14-га па 19-е ст. стаяў старажытны кляштар, сьведка многіх лёсавызначальных эпізодаў маскоўскай гісторыі. Менавіта ягонымі паслушнікамі былі тры рыцары-манахі, якіх у 1380 г. багаславіў на ўдзел у Кулікоўскай бітве сьвяты Сергій Раданежскі. Самым знакамітым стаўся манах Перасьвет (з бранскіх баяраў — беларус!), які перад пачаткам бітвы змагаўся перад шыхтамі ў двубоі з печанегам Чалубэям. Калі імпэрцы разбуралі ў 19-м ст. гэты кляштар, каб пабудаваць на гэтым месцы калясальны храм Хрыста Збаўцы, апошні настаяцель кляштара выкляў разбуральнікаў-"будаўнікоў" за зьнішчэньне сьвятыні і прадказаў нешчасьлівы лёс новай будыніне. Яна, як вядома, прастаяла нядоўга. Падобна, што лужкоўскі гігант таксама пачынае сыпацца (бо пабудаваны крывадушнымі бальшавікамі ня ў славу Хрыста, а ў знак пыхі за сваю імпэрыю). Лужкоў ня мог адмовіцца ад любімай падземнай аўтастаянкі (пад саборам!). Новую будыніну ляпілі з бэтону, сьпяшаліся, як шкловец з сваёй "бібліятэкай" у Менску. Будынак прасядае, правальваецца пад зямлю, дах актыўна цячэ. Нічога ня клеіцца ў псэўдаправаслаўных сатаністаў.
7 сакавіка Сойм Латвіі прыняў рашэньне аб рассакрэчваньні і публікацыі такзваных "мяшкоў КГБ", а менавіта сьпісаў сакрэтных агентаў гэбэ, якія ўдалося знайсьці ў архівах канторы. У бліжэйшы час народ праз газэты даведаецца імёны чатырох з паловай тысячаў сексотаў. Парлямантары прызнаюць, што гэта далёка ня поўныя сьпісы стукачоў. Але пачатак у гэтай праўды вельмі добры. Настане час і ў Беларусі таксама будзе праведзена люстрацыя "канторскіх служачых", шмат чаго цікавага даведаецца грамадзтва пра вінцучкоў-лебедько-хадыкаў ды казуліных-мілінкевічаў.
У адзін дзень 7 сакавіка ва Украіне адбыліся характэрныя падзеі. У Харкаве абласная ўлада абвясьціла расейшчыну "рэгіянальнай афіцыйнай мовай" і абавязала друкаваць усе афіцыйныя дакумэнты па-расейску і па-украінску. Пра гэта расказаў расейскім газэтам мясцовы губэрнатар Шумілкін (так-так, тыпова "украінскае" прозьвішча). А ў Львове закідалі "кактэйлямі молатава" офіс такога Пісарчука, мясцовага прадстаўніка архіздрадніка Украіны Януковіча. На Усходзе, бліжэй да Расеі працягвае дзейнічаць шырака разгалінаваная банда прамаскоўскіх адміністратараў. Сарвалася іхная леташняя спроба абвясьціць "аўтаномію" пяці ўсходніх вобласьцяў у парушэньне Канстытуцыі (такім чынам меркавалася пачаць працэс разбурэньня украінскай дзяржавы і паглынаньне краіны маскоўскай імпэрыяй). Спроба разьбілася аб цьвёрдую пазіцыю народу і кіраўніцтва Украіны. Цяпер агентура Масквы спрабуе расхістаць дзяржаўнасьць "моўным пытаньням" (і тут мова становіцца асноўным чыньнікам вызначэньня дзяржаўнасьці). А вось у Львове патрыёты ня сталі больш цярпець януковіцкіх агентаў і разабраліся з усімі пытаньнямі даволі апэратыўна.
Ва Уладзівастоку адзначалі дзень 8 сакавіка жаночымі мерапрыемствамі. Абіралі "міс ціхаакеанскага флёту РФ". Сабралі запісаных у матроскія шыхты дамачак і арганізавалі шоў. Дамачкі стралялі з аўтаматаў, кідалі гранаты, чыталі вершы пра любоў і велікую родіну-мать, дэманстравалі фрызуры і кухоннае майстэрства. Нават у гітлерскай Нямеччыне рэжым не даходзіў у трактоўцы "унівэрсалізму" арыйскай жанчыны да такога эклектычнага маразму. Адчуваецца, што ў маскоўцаў рукі чэшуцца, хочацца паваяваць, пастраляць, пазабіваць. Але ж, хворае грамадзтва.
8 сакавіка на эўратрыбуну вылез старшыня Эўракамісіі партугалец Барозу і заклікаў краіны Эўразьвязу заключыць пакт з Расеяй (вынайшаўся новы Молатаў-Рыбэнтроп). Барозу гукнуў: "Нам патрэбныя пастаўкі энэргарэсурсаў з Расеі, але і ў інтарэсах Расеі мець стабільны энэргетычны рынак". Справа ў тым, што Барозу атрымаў ад Пуціна запрашэньне ў Маскву на адмысловыя перамовы па энэргетычнай бясьпецы. Барозу зьбіраецца размаўляць за ўсю Эўропу з маскоўскім энэргетычным шантажыстам. Нават Нямеччына, Францыя, Італія і Гішпанія выступаюць супраць такога пакту. Яны ня хочуць аддаваць у брусэльскія рукі справу нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі. Няўжо ў чарговы раз народы за сваімі плячыма дазволяць эўражулікам заключаць бандыцкія змовы з крамлёўскай мафіяй?
10 сакавіка да Беларусі пачалі даходзіць зьвесткі з ЗША (і Масквы таксама), якія дапамаглі зразумець, чаму так мізэрна выглядаў расейскі міністар замежных справаў Лаўроў падчас нядаўняга візыту ў Вашынгтон. Справа ў тым, што дзе б ні зьяўляўся гэты Лаўроў, на яго насоўваліся шчыльнай масай амэрыканскія журналісты і задавалі тыя ж пытаньні: якое-такое патаемнае пагадненьне падпісаў Крэмль з іранцамі нядаўна і як Масква зьбіраецца цішком узбагачаць уран для іранскай бомбы? "Няма пагадненьня!" — лемантаваў бедны Лаўроў і круціўся ў розныя бакі. Вось, як бывае: і дзьверы крамлёўскія зачынялі і лубянскую ахову ставілі, а ўсё роўна нехта ўзяў і настукаў пра маскоўска-тэгеранскую змову (можа нехта з пэрсаў, а можа і свой лубянскі кадр). Заходнікі схапілі жулікаў на гарачым учынку. Патрыёты-нацыяналісты розных падсавецкіх народаў папярэджвалі хітрамудрых заходнікаў (у тым ліку і амэрыканцаў) яшчэ ў часы гарбачоўскай "перастройкі": "Ня верце крамлёўскай балбатні пра дэмакратыю, гэта толькі словы. Не давайце ім грошы на "дэмакратызацыю і захаваньне СССР". Галоўная іхная задача засталася, як і раней — зьнішчэньне заходняй цывілізацыі..." Не паслухалі тады заходнікі разумных людзей, назвалі іх "аматарамі", якія "не разумеюць глябальнай палітыкі". А крамлёўцы заходнія грошы скралі, расейскую імпэрыю захавалі і цяпер з дапамогай іранскіх фанатаў будуць падвешваць над галавой грантадаўцаў магутную атамную бомбу. Вось такая "глябальная палітыка"...
Ужо 11 сакавіка зашумелі ў Маскве. "Товарішчі обіделісь і возмутілісь". Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Камынін грымаў па НТВ пра "падвойныя стандарты" і "русафобію" у Дзярждэпе ЗША. Кіраўніцтва Дзярждэпартаменту ЗША ў апошнія дні ня толькі раскрыла публічнасьці праўду пра расейска-іранскую атамную змову, але зрабіла яшчэ пару сур'ёзных паведамленьняў. Па-першае, ЗША афіцыйна заявілі, што не прызнаюць магчымае далучэньне Беларусі да Расеі, бо "такое далучэньне можа быць зроблена толькі ў выніку дэмакратычнай волі беларускага народу — а цяпер беларускі народ ня мае такой дэмакратычнай волі". Па другое, Дзярждэп заявіў, што ў Расеі ідзе працэс канцэнтрацыі ўлады ў Крамлі, абмежаваньне СМІ, палітычны ціск на суды і перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, парушаюцца таксама правы чалавека на Каўказе. Камынін грозна насупоніўся і даў адлуп заходнікам: "В России идёт активная работа по совершенствованию системы, призванной обеспечить права и свободы граждан". У брэжняўскія часы пасьля такой крамлёўскай філіпікі іграла бадзёрая музыка і піянэры сьпявалі хорам: "Как хорошо в стране советской жіть..." Ад масоўкі, аднак, прышлося гэтым разам адмовіцца. Піянэры састарыліся і ў асноўным пасьпіваліся. Дзеці цяпер сьпяваюць рэп і запісаліся ў панкі. Толькі ў міністэрстве на Смаленскай плошчы нічога не зьмянілася, у неправетраным хмарачосе пануе гнілы грамыкаўскі дух.
Любая імпэрыя любіць удаваць гіганта нават у пэрыяд свайго канчатковага краху. Памятаем, як у 1987 г. гарбачоўскі СССР пышна хаўрусіўся з Індыяй. Тады маскоўская прапаганда траскатала наконт "шматмільённага насельніцтва і стракатай культуры" у савецкай і індыйскай супэрдзяржавах. Гарбачоў нават абвясьціў "год Індыі ў СССР". Ва ўсіх пасьля гэтага году доўга гудзелі галовы ад экзатычных дудак і гімалайскіх балалаек. А праз колькі гадоў ляснуў гарбачоўскі "союз нерушымый". Пуцінская Расея ідзе тым жа ўсходнім шляхам. У апошні час крамлёўскае начальства пачало трубіць пра падабенства Кітаю і РФ. Зьбіраюцца абвясьціць "год Кітаю у РФ". Харошы паказчык — значыць, блізкі крах маскоўскага рэйху. Дарэчы, на гэты момант на тэрыторыі РФ знаходзяцца ня толькі кітайскія гастралёры. Некалькі мільёнаў кітайцаў (як казалі ў савецкім анэкдоце "небольшімі группамі по двесті тысяч человек") ужо атабарыліся на прасторах Сібіры. Вытурыць іх ужо немагчыма, таму што на іх трымаецца сельская гаспадарка, гандаль і бізнэс. Расейскія алкаголікі актыўна запісваюцца ў рабства да новых гаспадароў Сібіры. Інтэлектуалы вучаць іерогліфы. Народныя масы чакаюць, калі ўжо на афіцыйных дручках уздымецца чырвоны сьцяг перамогі (кітайскі дзяржаўны сьцяг). Сібірскія кулі стомленыя маскоўскім бязладдзем і маразмам. Так што вызваленым ад імпэрыі татарам, башкірам, марыйцам і калмыкам прыйдзецца абсталёўваць свае дзяржаўныя межы з кітайскім суседам, які насунецца з-за Уралу на берагі Волгі.
Брусельскае эўраначальства яшчэ летась "ашчасьлівіла" Летуву нечаканым падарункам. Дала эўрагрошы на разьмяшчэньне ў Вільне ЕГУ (навучальнай канторы, якую нібыта перасьледваў шклоўскі рэжым). Беларусам тады было незразумела, з чаго гэта дыктатура пагнала з Менску сваю вернападданую, ўшчэнт расейскую ўстанову? Але з часам стала зразумела і нам і летувісам, што ў Вільне такім чынам спрабуюць арганізаваць агентурны цэнтар расейскіх спэцслужбаў і расейскага ўплыву пад надзейным "дахам" псэўдаўнівэрсітэту. Менавіта таму летувіскія ўлады цяпер адмаўляюцца надаць ЕГУ статус унівэрсітэту. Яны разумеюць, што ня трэба было заваёўваць дзяржаўную незалежнасьць, вяртацца да летувіскай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця і вытурваць з краіны расейскую прафэсуру, каб праз 15 гадоў пасадзіць сабе на шыю агента КГБ акадэміка Міхайлава (рэктара ЕГУ) і ягоную русіфікатарскую кантору. Трагікамэдыя пад грыфам ЕГУ атрымала апошнім часам працяг у Менску. Кіраўніцтва Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа раптам пачало актыўна апрацоўваць навучэнцаў ліцэю, пераконваючы іх, што Ліцэю трэба зьязджаць у Вільню. А самае галоўнае, што ў Вільні яны мяркуюць уключыць Ліцэй у структуру ЕГУ. Калі вучні і бацькі пытаюцца ў гэтых зазывалаў, на якой мове ідзе працэс навучаньня ў ЕГУ, тыя адказваюць: "Пакуль што па-расейску..." Дзякуй за шчырасьць. Толькі трэба быць шчырым да канца. Зазывалы атрымалі ад брусэльскіх немцаў (лепшых сябрукоў маскоўскіх русіфікатараў Беларусі) зваблівую прапанову перасяліцца ў Вільню і камфортна жыць на гранты. Умова толькі адна: уключыцца ў склад ЕГУ і жыць па законах "велікой русской культуры". Зразумела, што такі "манэўр" азначаў бы гібель Беларускага Ліцэю. Беларускія патрыёты павінны ў чарговы раз устаць на абарону Беларускага Ліцэю, гэтым разам ад хваткіх жулікаў.
20 сакавіка галоўнакамандуючы сухапутных войскаў РФ генэрал Маслаў заявіў журналістам: "Ніякага зьдзеку і зьбіцьця шэраговага Сычова ня было. Некаторыя службовыя асобы выбіваюць зь мяне паказаньні і нэгатыўна ставяцца да ўзброеных сілаў". Вось як, аказваецца. Зьдзеку і зьбіцьця ня было, гэта шэраговы Сычоў сам сабе давёў да такога стану, што яму давялося ампутаваць ногі і геніталіі. Маслаў і афіцэры ніжэйшага рангу трусяцца толькі за свае пагоны. Ім напляваць на жыцьцё жаўнераў, яны ператварылі расейскую армію ў крымінальную банду. А тым часам іхны галоўны начальнік Іваноў (міністар вайны і віцэ-прэм'ер) апрануўся ў трыко і езьдзіць на сэнтымэнтальныя сустрэчы з падлеткамі па гарадах Сібіры. Там ён адкрывае спартовыя клюбы і фатаграфуецца з юнымі спартоўцамі. Аднак "эті невыносімые журналісты" спыталі яго ў Навасібірску, ці зьбіраецца Іваноў пайсьці ў адстаўку ў сувязі з скандалам на тэму шэрагоўца Сычова? Іваноў рэзка адказаў, што адстаўкі ня будзе. Сапраўды місія ў яго надта ж адказная: трэба рыхтаваць гарматнае мяса, каб было каго калечыць праз колькі год.
19 сакавіка ў маскоўскім мэтро адбылася аварыя. Кіроўца цягніка раптам убачыў проста па курсе, як у цэмры тунэля на рэйкі валяцца бэтонныя слупы. Малады машыніст пасьпеў спыніць цягнік, слупы ўдарылі па вагонах і паранілі некалькі чалавек (ахвяраў маглі быць сотні). Але самае цікавае адбывалася на паверхні. Брыгада маскоўскіх будаўнікоў забівала бэтонныя паліі. Раптам яны пачалі правальвацца пад зямлю, бо патрапілі ў тунэль мэтро. Замест таго, каб тэрмінова папярэдзіць адпаведныя службы і падняць трывогу, будаўнікі разьбегліся. Крымінальны дух расейскага грамадзтва, нікчэмная цана чалавечага жыцьця, бесчалавечнасьць маскоўскай публікі — вось галоўныя фактары драматычнай падзеі. Для іх галоўнае — своечасова ўцячы. Хворая сталіца сьмяротна хворай імпэрыі.
На фоне правалу 15-гадовай прыднястроўскай авантуры Расея спрабуе пратрубіць пра перамогу на каўказкім фронце. 23 сакавіка віцэ-прэмьер РФ Г. Букаеў заявіў ва Уладзікаўказе, што расейскае кіраўніцтва прыняло рашэньне ў бліжэйшы час прыняць Паўднёвую Асэцію (частку тэрыторыі сувярэннай Грузіі) у склад Расеі. Маскоўскія імпэрыялісты аргумэнтуюць, што абраны варыянт, падобны на вырашэньне праблемы Косава (былой сэрбскай правінцыі, якая фактычна аддзялілася ад Сэрбіі). Аднак адразу ж прэмьер РФ Фрадкоў абвергнуў заявы Букаева: маўляў, такога рашэньня няма. Крамлёўцы паводзяць сабе, як маскоўскія будаўнікі: уцякаюць ад адказнасьці, падстаўляюць адзін аднаго, выкручаюцца, а ў выніку — нясуць бяду народам і дзяржавам.
У сярэдзіне сакавіка стала вядома пра леташні тыповы выпадак у расейскім войску. 26 лістапада 2005 г. начальнік асобага аддзела тульскай паветрана-дэсантовай дывізіі Столба выклікаў да сабе ў кабінэт шэрагоўца Дзяніса Жарыкава. Столба быў пьяны і агрэсіўны, схапіў аўтамат і расстраляў шэрагоўца на вачах другога жаўнера. Ведаеце, якое абвінавачваньне высунула пракуратура супраць забойцы? А вось якое: "неасьцярожныя дзеяньні са зброяй". "А что там за проблема, пріхлопнул одного салагу", як казалі яшчэ ў крымінальным савецкім войску. Трэба ратаваць беларускую моладзь ад маскоўскага жаху.
БТ трубіць пра тысячы тэлеграмаў з-за мяжы ад арганізацыяў і працоўных калектываў з віншаваньнямі шклоўскаму "прэзыдэнту" з "перамогай на выбарах". Праўда толькі адно: сапраўды паступілі віншаваньні ад трох "вялікіх дэмакратыяў" — Расеі, Ірана і Кубы (сьмех у залі). ЗША, Эўразьвяз і шэраг краінаў заявілі пра непрызнаньне выбараў 19 сакавіка за дэмакратычныя і празрыстыя. Узурпатар, такім чынам, застаецца ўзурпатарам. А вось лісты ад працоўных калектываў з-за мяжы было б цікава пачытаць. Скажам: "Парыжская макаронная фабрыка віншуе Лукашэнку з чарговым узяцьцем менскай Бастыліі..." альбо "Зьмеяловы штата Джамму і Кашмір шчасьлівыя з нагоды пераабраньня вялікага лідэра РБ", а можа: "Прафсаюз канібалаў Дагамэі вітае шклоўскага аднадумцу..."
25 сакавіка Пэнтагон урэшце адкрыў праўду пра расейскую дапамогу крываваму дыктатару Садаму Хусэйну. Прадстаўнікі ваеннага міністэрства ЗША заявілі пра тое, што ім удалося знайсьці ў Багдадзе дакумэнты часоў дыктатуры. У дакумэнтах утрымліваюцца дадзеныя аб тым, што перад наступам на Ірак войскаў заходняй кааліцыі, а таксама на першым этапе вайны (пакуль ня быў заняты Багдад) расейская амбасада перадавала дыктатару дадзеныя аб плянах, дзеяньнях і перасоўваньні войскаў кааліцыі. А дыктатар адпаведна карэктаваў агонь сваёй артылерыі. Адкуль у расейцаў былі гэтыя дадзеныя? Яны мелі іх ня толькі ад сваёй агентуры і з сваіх разьведвальных спадарожнікаў у космасе. Масква (""верны хаўрусьнік" Захаду па антытэрарыстычнай дзейнасьці) атрымлівала многія дадзеныя непасрэдна ад амэрыканцаў. І адразу ж "па-брацку дзялілася" з Садамам вайсковымі таямніцамі амэрыканцаў. Беларускія патрыёты на працягу гадоў папярэджвалі амэрыканцаў аб тым, што нельга давяраць Крамлю-Лубянцы, што за плячыма багдадзкага забойцы стаіць ФСБ-КГБ. Амэрыканцам усё "ня верылася". Падобна, што цяпер яны пераканаліся ў праўдзівасьці нашых папярэджваньняў. Цікава было назіраць за рэакцыяй лубянцаў. Агаломшаныя сваім правалам, яны першы дзень маўчалі. А потым па розных каналах пачалі трубіць пра тое, што "усё гэта няпраўда". Найбольш сьмешнымі былі маскоўскія камэнтары пра тое, што яны, маўляў, перадавалі Садаму інфармацыю, але то была "непраўдзівая інфармацыя, каб заблытаць дыктатара". Цяпер зразумела, чаму амэрыканскія войскі ў першыя дні вайны густа абсеялі кулямі калёну аўтамабіляў расейскай амбасады, якая ўцякала з Багдаду ў Іарданію. Яны ведалі, што на амбасадарскіх машынах маскоўцы вывозяць процьму кампрамэтуючых дакумэнтаў пра расейска-садамаўскі хаўрус. Цяпер высновы будзе рабіць амэрыканскі народ. Удовы і сіраты забітых на гэтай вайне вайскоўцаў, параненыя жаўнеры, усё амэрыканскае грамадзтва ўжо пачынаюць пытацца: "Дык што атрымліваецца — нашых бацькоў і сыноў забівалі і калечылі па наводцы расейскіх "хаўрусьнічкаў"? Дык такая "дэмакратычная Масква?" Людзей цяпер не падманеш, ня спыніш. Народны праклён гэбоўскім здраднікам і забойцам будзе гучаць усё мацней. Урэшце ў дэмакратычным сьвеце вызначаецца адпаведнае месца Маскве зь яе гэбізмам — у бруднай крывавай бандзе дзяржаваў-тэрарыстаў, у якой "дэмакратыя з пуцінскім тварам" выконвае ролю арганізатара-пахана.
26 сакавіка за Пуціна ўзяліся й амэрыканскія навукоўцы. Навуковая рада элітнага Бруклінскага Інстытута Вашынгтона заявіла: "Дысэртацыя Ул. Ул. Пуціна зьяўляецца плагіятам". І прадставіла канкрэтныя доказы. Аказваецца, асьпірант Пуцін на прыканцы 1970-х абараніў каныдыдацкую, ва ўступнай частцы якой (важнейшая частка любой навуковай працы, дзе вызначаецца навуковая канцэпцыя аўтара) дзьве траціны тэксту альбо цалкам перапісаны альбо перапісаны з нязначнымі перастаноўкамі словаў з амэрыканскай манаграфіі. Грубая фальшыўка — малады гэбовец-асьпірант нават не "садраў" тэкст з некалькіх крыніцаў, "скатаў" усё з адной амэрыканскай кніжкі. Амэрыканскія навукоўцы нават называюць гэтую манаграфію: "Стратэгічнае плянаваньне" аўтарства У. Кінга і Д. Кліланда. Плагіят з старажытных часоў лічыцца гнюсьнейшым злачынствам у навуцы і ў любой іншай творчай дзейнасьці. Плагіятара, схопленага на гарачым учынку, заўсёды выкідвалі з навуковага сьвету, а часта прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Няма чаму, аднак, зьдзіўляцца. Жыцьцё Пуціна прайшло ў канторы, дзе хлусьня, фальш і крымінальшчына заўсёды былі і застаюцца галоўнымі прыёмамі працы. У дэмакратычнай краіне такія адкрыцьці мінуўшчыны прэзыдэнта прывялі б да ягонай адстаўкі. А ў Расеі, відаць, фальсіфікатара за гэта прысудзяць да доктарскай ступені.
Расейскія фашысты забіваюць дзяцей. Не пасьпела высахнуць на пецярбургскім бруку кроў 9-гадовай таджыцкай дзяўчынкі, забітай нажамі "русскіх ребят", як кроў палілася ізноў. 26 сакавіка ў цёмным пад'езьдзе група "русскіх ребят" з голенымі галовамі напала на другую 9-гадовую дзяўчынку і пачала біць яе нажамі. "Віна" дзяўчынкі была ў тым, што яна мае цёмны колер скуры. У цяжкім стане, з мноствам нажавых раненьняў дзіця было дастаўлена ў шпіталь.
А 27 сакавіка ў Маскве агучылі прысуд "русскому парню" А. Копцаву, які пару месяцаў таму ўварваўся ў маскоўскую сінагогу і рэзаў нажом людзей, пакуль яго ня скруцілі вернікі. Было паранена сем чалавек. Сьледства высьветліла, што "простой русскій парень" зачытваўся і натхняўся расейскімі выданьнямі кнігаў А. Гітлера і маскоўскіх фашыстаў. Копцаву далі 13 гадоў турмы (вядома, што ён можа выйсьці па амністыі праз пару гадоў). І вось, што прыкметна. Суд зьняў з фашыста частку абвінавачваньняў. А менавіта "у распальваньні міжнацыянальнай нянавісьці". Паводле маскоўскага суда, гэты Копцаў "проста так" уварваўся ў габрэйскі храм і "проста так" пасёк нажом габрэяў. Але бачыць увесь сьвет — расейскае грамадзтва захлынаецца фашыстоўскай нянавісьцю да ўсяго "нерусского". Хворая імпэрыя, якой ужо не дапаможа нават самая вопытная брыгада псіхіятраў.
Расея атручвае саму сабе. 27 сакавіка воды Амура счарнелі, пачалі гінуць рыбы і птушкі. Спэцыялісты падлічылі, што праз гарадзкую каналізацыю Краснаярска ў раку было выкінута за кароткі час да 10 тонаў мазута. З такой апэратыўнасьцю гэта маглі зрабіць чатыры вялізазных заводы, якія карыстаюцца Амурам як сьметнікам. Але ніводзін з заводаў не прызнаўся ў зьліве атрутнага мазуту ў раку. А гарадзкія ўлады тлумачацца перад тэлекамэрамі: "Ня трэба панікі. Гэта вада з асфальту гарадзкіх вуліц занесла ў раку рэшткі паліва..."
Андрэй Іларыёнаў, былы дарадца Пуціна па эканамічных пытаньнях, выступіў з новай канстатацыяй стану здароўя "хворага чалавека Эўразіі" — Расеі. Ён назваў Расею (калі ня згадваць пра Беларусь) адзінай цалкам несвабоднай краінай Эўропы. Цытуем: "Кожны з кампанэнтаў індэксу эканамічнай свабоды — дэмакратычнасьць выбарчага працэсу, незалежнасьць судовай сістэмы, вярхоўнасьць закону, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, незалежнасьць СМІ, якасьць дзяржаўнага кіраўніцтва — у Расеі катастрафічна ўпаў у апошнія гады". Іларыёнаў лічыць, што РФ ня мае ніякіх адносінаў да высакаразьвітых дзяржаваў сусьветнай 8-кі. Яна якраз існуе сярод васьмёркі найбольш недаразьвітых і несвабодных краінаў сьвету: Нэпал, Беларусь, Таджыкістан, Гамбія, Саламонавы выспы, Зімбабвэ, Вэнэсуэла. Іларыёнаў зазначае, што "войны патрэбны гэтым рэжымам, бо падчас войнаў можна тэрарызаваць людзей". Яшчэ адзін сур'ёзны дыягназ Расеі — "несвабода — гэта дэградацыя нацыянальнай сьвядомасьці". Што ж, нельга не пагадзіцца з Іларыёнавым. Нездарма, ён ня вытрымаў у Крамлі і робіць свае заявы з амэрыканскай эміграцыі.
30 сакавіка ў Рызе выступіла з заявай прэзыдэнт Латвіі Вайра Вікэ-Фрэйбэрга. Сярод іншага яна сказала: "Латвія не жадае бачыць Расею на саміце краінаў НАТО..." Справа ў тым, што ўвосень сёлета менавіта ў Рызе павінен адбыцца натаўскі саміт (куды звычайна пнецца паўдзельнічаць таксама й РФ, удаючы магутную дзяржаву-хаўрусьніка). Хто б мог падумаць яшчэ якіх 15 гадоў таму, што невялікая, але эўрапейская краіна будзе так элегантна і дыпляматычна паказваць усходняму рэйху на ягонае месца? Маскоўцы паназалялі вочы ўсім народам. Каб абараніцца ад іх, прыбалты запрасілі да сабе авіяцыю з НАТО. З красавіка патруляваць межы балтыйскіх дзяржаваў будуць туркі. Хто мог такое ўявіць?!
Раніцай 31 сакавіка у двары каля ўласнай кватэры быў расстраляны невядомымі асобамі В. Доркін, старшыня адміністрацыі г. Дзяржынска Маскоўскай вобласьці. Усё дзяржынска-маскоўскае начальства мы бачылі пазалетась па расейскіх тэлеканалах. Тады яно разам з мясцовымі піянэрамі і вэтэранамі НКВД адсланяла помнік Фэліксу Дзяржынскаму на цэнтральнай плошчы горада. І вось яшчэ адзін верны дзяржынец "сгорел на работе" (як пісалі савецкія газэты ў нэкралёгах па Ф. Дзяржынскаму ў 1926 г.). Патрыёты Беларусі даўно ўжо настойліва тлумачаць работнікам дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі, што ў нашых агульных (нацыянальна-дзяржаўных) інтарэсах ёсьць абарона і ўмацаваньне Беларускай Дзяржавы. Прыдуць гаспадарыць маскоўцы — ня будзе месца нікому. Усе станем на ўласнай зямлі парабкамі ў маскоўскага "господіна". Ня стане месца беларусам у выканкамах і міністэрствах. Трэба ж будзе кудысьці ўладкаваць "освободітелям" усю сваю акупанцкую хеўру. А каб ня высоўваліся, "простые русскіе ребята" наладзяць адстрэл упартай бюракратыі. Трэба памятаць беларусам-адміністратарам пра дзяржынца Доркіна, генэрала Лебедзя, піцерскага бургамістра Сабчака, губэрнатара-коміка Еўдакімава і шмат каго яшчэ.
Днямі ў Пецярбурзе калегія прысяжных агучыла свой прысуд групе "русскіх ребят", якія забілі нажамі 9-гадовую таджыцкую дзяўчынку Куршуду Султонаву. Некалькіх забойцаў яны апраўдалі. А астатнім выпісалі па 1-3 гадоў зьняволеньня. Нават у Расеі такі "прысуд" выклікаў разгубленасьць і шок. Прыкрываючы імпэрскую ганьбу, прадстаўнікі інтэлігенцыі ўсталі ў прыгожую позу. 31 сакавіка яны правялі шырока разрэклямаваны сход, на якім абвясьцілі пра стварэньне "Антіфашістского об'едіненія". Там даволі стракатая публіка: удава згаданага бургамістра Сабчака Л. Нарусава, прафэсура і артысты. Назва прагучала прыгожа. Мы падумалі, што яны пачнуць з адкрытага асуджэньня расейскага фашызму, вайны супраць чачэнскага народу, запатрабуюць ад Крамля-Лубянкі згарнуць фашыстоўскую кліентуру ў Беларусі. Нічога мы не дачакаліся. "Антіфа" пакрасаваліся ў зале і разышліся. Трыюмфальнае шэсьце чалавеканенавісьніцтва па Расеі працягваецца.
На тэрыторыі сувярэннай Малдовы гаспадараць расейскія акупанты. Маецца на ўвазе правінцыя Трансністрыя (Прыднястроўе). Агрэсіўныя асаднікі замітусіліся пасьля таго, як Малдова і Украіна вырашылі сумеснымі намаганьнямі наладзіць нармальнае функцыянаваньне мяжы і мытні паміж гэтымі двума дзяржавамі. Акупанцкая хеўра адразу апынулася без сродкаў на існаваньне, няма чым карміць расейскія палкі, што атабарыліся на чужой зямлі, усе загарлапанілі: "Блокада! Это негуманно!" Аказваецца, захапіць чужую зямлю, вёскі, гарады, заводы — гэта па-маскоўску "гуманно". Акупанты сьпяшаюцца. 31 сакавіка яны склікалі ў сваёй "сталіцы" Ціраспалі "зьезд дэпутатаў усіх узроўняў". Гэты "зьезд" прыняў рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндума аб незалежнасьці "прыднястроўскай рэспублікі". Вяртаецца 1940 год. Можна сабе ўявіць, што пасьля гэтай "незалежнасьці" у Маскву адразу паедуць "пасланцы", каб прасіцца ў склад Расеі. Аднак, часы ня тыя. Няхай бы лепш прыднястроўскія асаднікі прыгледзелі сабе зямлі недзе на Разаншчыне, каб было куды ехаць пасьля таго, як народ пагоніць агрэсіўных чужынцаў са сваёй зямлі. Дарэчы, можна ўявіць, што прыднястроўскі рэфэрэндум будзе рэпэтыцыяй такога ж спэктаклю маскоўскай рэжысуры, які маскоўскія акупанты зьбіраюцца правесьці ў Беларусі. Але і тут і там крамлёўская банда атрымае адлуп ад народаў.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ