ХАШЧАВАЦКІ:

"Я мяркую, што вялікая частка сілавікоў жыве ў той самай Беларусі, якую паказваюць па тэлебачаньні. У іх сапраўды вельмі высокія даходы. Адзін мой знаёмы апэратар месяцы тры таму здымаў маленькую акцыю, падчас якой АМАП па-зьверску зьбіваў людзей. На майго знаёмага накінуўся палкоўнік АМАПу, які сказаў: калі ты ня пойдзеш прэч, я буду ў цябе страляць. Мой знаёмы кажа: дык ты што, не разумееш, што гэтыя людзі маюць рацыю? Палкоўнік адказвае: за тыя грошы, што мне плацяць, я буду страляць. Вялізарная частка сілавікоў цяпер проста падкупленая.

Мяне ўразіла, як людзей абшуквалі ў пошуках прадуктаў, якія несьлі на плошчу. Я прыгадаў жахлівыя кадры са "Звычайнага фашызму" Рома, калі пры ўваходзе ў гета эсэсаўскі афіцэр прымушае дзіця даставаць моркву з кішэні. У грамадзтве разьвіўся велізарны цынізм. Цынізм тых, хто фальшаваў выбары, тых, хто бяздумна выконваў загады. Злосьць, якая назапасілася."

Паводле Радыё "Свабода"