ФАШЫЗМ. КАРЦІНКІ ПАЦЫФІКАЦЫІ

Цішук: "Гэта ўсё людзі ў чорным, што бяз касак. Першымі ішлі "касманаўты", а пасярод іх гэтыя — у чорным. Яны мяне потым завалілі, і адзін даў ботам у галаву — я "вырубіўся". Кроў пайшла з носу. Мяне чэскі карэспандэнт і мясцовыя людзі адцягнулі й паклалі на ўзбочыне".

У шпіталі Аляксандар Цішук апынуўся поруч з чэскім карэспандэнтам, які яму дапамог, жыхаркай Менску Казаковай і лысаватым мужчынам гадоў шасьцідзесяці.

Цішук: "Я яго пытаю: "Адкуль вы — зь Берасьцейшчыны, ці адкуль?" Кажу: "Глядзеце, каб вам тут нічога не калолі, і кроў тут не здавайце". Ён быў запалоханы, бо яму сказалі, што, ён, нібыта п'яны. Я ім кажу: "Ён ня п'яны, ён — зьбіты. Вы што, ня бачыце: у яго юшка з галавы ды з носу бяжыць?!"

Спадар Цішук спамінае: з прычыны аглушэньня ён ня мог пачуць, адкуль дакладна прыехаў паранены мужчына. Але дакладна ведае: у таго была пашкоджана галава — уся ў крыві, былі сінякі — пад вокам і на баку, паранена рука. Аляксандар падбадзёрваў пакалечанага: трэба трымацца разам. Але таго павезьлі на рэнтген у вазку, і болей Цішук яго ня бачыў.

У самога Аляксандра Цішука былі разьбіты нага, галава й ссунута барабанная перапонка. У шпіталі на галаву наклалі шво, а таксама зрабілі рэнтген — галавы й нагі. Заставацца там ён пабаяўся — начаваў у сяброў, а назаўтра зьехаў дахаты. Паводле ягонага расповеду, на вакзале хадзілі міліцыянты з фотаздымкамі й прыглядаліся да людзей. На Цішуку была кідкая куртка, таму давялося скінуць яе й да аўтобусу ісьці ў швэдры.

Паводле Радыё "Свабода"