ЗЬВЕСТКІ ПРА ЗАБОЙСТВА

Пасьля нанясеньня ўдараў сілавікамі ў сьпіну людзям, насамрэч невядомы лёс некалькіх людзей. Ёсьць інфармацыя, і зараз мы яе правяраем, што адзін з тых, хто застаўся ляжаць на асфальце, Сяргей Атрошчанка, сёньня (30:03) памёр у 9-й клінічнай бальніцы. Невядомы лёс і юнака Аляксандра Цішука. У ніякіх сьпісах ён ня знойдзены. Хачу верыць у тое, што ён жывы.

Мы ня можам знайсьці яшчэ двух людзей, якія пайшлі разам з Казуліным за міліцэйскі кардон, для перамоваў са спэцназам.

Мне трошкі дзіўна, што ніхто не ўздымае пытаньня пра стан двух сьвятароў беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якія сваімі сьпінамі стрымлівалі напор спэцназаўцаў.

Нідзе ў інфармацыйнай прасторы адкрыта не гаворыцца або гаворцца крайне мала, што супраць мірных людзей была выкарыстаная зброя. Сьведкі і доказы гэтаму ёсьць. Колькі людзей у цяжкім стане, высьветліць немагчыма. Пры захопе спэцназаўцы зьбівалі людзей крайне жорстка, незважаючы ні на ўзрост, ні на пол.

Людзі, пра гэта трэба ня проста гаварыць. Пра гэта трэба галасіць. Сёньня ў краіне адзіны злачынца — гэта ўлада.

Шадэнка: "Я ішоў адразу ў калёне. Потым дарогу перагарадзілі, калёна спынілася. Я з калёны выйшаў, збочыў, пайшоў па схіле. Хацеў паглядзець, што за мальцы такія ў спэцназе. А яны якраз пайшлі — шчыты наперад. Адзін мяне тузануў. Я ткнуў у адказ, у шчыт той. На мяне тады іншы кінуўся. А неўзабаве й па галаве атрымаў: нейкі, пэўна, падскочыў ззаду ды па галаве стукнуў. Я й апоўз на зямлю. Нікога не чапляў, а мяне зачапілі. А потым накінуліся іншыя са шчытамі, пачалі таксама лупцаваць: на руцэ сіняк здаравенны, на назе таксама. Пасьля заваліўся — і ўжо нічога не памятаю".

Уладзімер Шадэнка ўдакладніў: са шпіталю яго вымусілі сысьці ўжо праз тры гадзіны, запісаўшы ў даведцы, што хворы знаходзіўся ў стане алькагольнага ап'яненьня. Якраз гэта спадара Шадэнку й абурыла, бо ў Менск ён прыехаў на ўласнай машыне, быў за стырном, і гэтак жа зьбіраўся зьехаць назад.

У праваабарончым цэнтры "Вясна" апавялі, што ўчора раніцай ім затэлефанаваў чалавек, які назваўся сваяком яшчэ аднаго пацярпелага 25 сакавіка — Сяргея Атрошчанкі. Суразмоўца прасіў дапамогі ў арганізацыі лекаваньня, аднак цягам дня ў офісе так і не зьявіўся. Зазначым: усе ранейшыя спробы знайсьці чалавека з прозьвішчам Атрошчанка ў менскіх шпіталях аказаліся марнымі.

Грамадзянін Сяргей Атрошчанка ня быў шпіталізаваны ў 9-ю бальніцу Радыё Свабода Прэсавая сакратарка Аляксандра Казуліна паведаміла: паводле ейнае інфармацыі, якая цяпер правяраецца, зьбіты спэцназам 25 сакавіка Сяргей Атрошчанка нібыта памёр сёньня ў 9-м клінічным шпіталі. Пацьвярджэньня гэтага факту ў самім шпіталі няма.

У службе даведак 9-га клінічнага шпіталю "Свабодзе" паведамілі, што грамадзянін, якога завуць Сяргей Атрошчанка, ад 25 сакавіка ня быў у іх шпіталізаваны.

Лекар: "Ужо тэлефануюць сёньня цэлы дзень. Але, на жаль, нічога вам не магу паясьніць. Бо з 25 сакавіка Атрошчанкі ў нас не было сярод шпіталізаваных".

Аднак прадстаўніца службы даведкі не змагла цалкам выключыць магчымасьці сьмерці чалавека ў бальніцы да таго, як ён быў фармальна шпіталізаваны:

Лекар: "Разумееце, калі гэта здарылася ў прыёмным пакоі, і ён памёр пры аглядзе лекараў (а такое можа быць), тады, канечне, ён не патрапіць у мой сьпіс".

Аднак у прыёмным аддзяленьні 9-й клінічнай бальніцы не змаглі праверыць журналу паступленьня хворых за 25 сакавіка:

Іншы лекар: "Вы ведаеце, у нас ужо няма журналу з 25 чысла — у нас ёсьць толькі за сёньня".

У прыёмным аддзяленьні патлумачылі, што гэты журнал перададзены ў рэгістратуру — з прычыны рамонту прыёмнага пакою. Цяпер памянёны журнал знаходзіцца пад сыгналізацыяй, і праглядзець яго можна будзе толькі заўтра. Загадчыка прыёмнага аддзяленьня з 16-й гадзіны на месцы няма.

Паводле Радыё "Свабода"