РЭПРЭСІІ
Толькі дзьве затрыманыя жанчыны — Алена Лукашэвіч і Ларыса Андросік — у судзе былі пакараны штрафамі. Сотні іншых затрыманых арыштаваны. Некалькі дзён запар суды чыніліся над дзясяткамі чалавек. Менчукі назіралі, як людзей развозілі па судах на аўтобусах і аўтазаках. Ніводзін судзьдзя, дарэчы, зь дзевяці раённых судоў Менску, якому прыносілі адміністрацыйныя пратаколы для разгляду, ня вынес апраўдальнага прысуду.
КДБ завёў крымінальную справу на "маладафронтаўцаў" Радыё Свабода Актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" інкрымінуецца частка 1 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Крымінальныя справы завялі на Зьмітра Дашкевіча, Алега Корбуна, Барыса Гарэцкага і Сержука Лісічонка.
КДБ 27 сакавіка правёў ператрусы ў кватэрах Аляксея Шэіна і Сержука Лісічонка. Сьледчых з КДБ найперш цікавілі друкаваныя матэрыялы і носьбіты інфармацыі, якія могуць мець дачыненьне да дзейнасьці "Маладога фронту".
Ордэры на ператрусы былі падпісаны намесьнікам старшыні КДБ Віктарам Вягерам і генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам. Прычым, Аляксей Шэін не зьяўляецца сябрам "Маладога фронту".
У панядзелак быў ператрус і ў кватэры Сержука Лісічонка: сканфіскавалі дакумэнты, аргтэхніку. Самога Лісічонка пасьля ператрусу забралі ў КДБ і пасьля допыту ноччу адпусьцілі, узяўшы падпіску пра неразгалошваньне і пра тое, што зьявіцца на першае патрабаваньне.
У аўторак раніцай ператрус адбыўся і ў Барыса Гарэцкага. Яго таксама павезьлі на допыт у КДБ.
Паводле Радыё "Свабода"