ЖЫЦЬЦЁ УЛАДЗІМЕРА РАМАНЦОВА Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ
Уначы на 24 сакавіка падчас разгрому намётавага лягеру ў цэнтры Менску быў арыштаваны паліцэйшчынай антыбеларускага рэжыму сп. Уладзімер Раманцоў, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён знаходзіўся на Плошчы Кастуся Каліноўскага (як назвала наша змагарная моладзь "Кастрычніцкую плошчу") з першага дня народнага пратэсту супраць лукашызму і сфальшаваных выбараў. Сябры Партыі апошні раз убачылі сп. Раманцова ўдзень 24 сакавіка, калі яго разам з арыштаванымі юнакамі вывозілі ў міліцэйскім аўтобусе на суд з спэцтурмы на Акрэсьціна. Але дагэтуль ані ягоная сямья, ані сябры і калегі ня ведаюць, дзе ён і што зь ім. Сп. Раманцоў (1960 г. нар.) — пакутуе на сур'ёзнае захворваньне пячонкі і падстраўнікавай залозы. Яму неабходна рэгулярна прымаць лекі і адмысловае харчаваньне. Улады і міліцэйскае начальства адмовілі даваць ягонай жонцы інфармацыю аб ім, а таксама адмовіліся прыняць ад яе лекі, каб перадаць яму. Жыцьцё Уладзімера Раманцова, мужнага змагара за вольную Беларусь, у небясьпецы!
Зьвяртаемся да беларускага і міжнароднага грамадзтва з заклікам прыкласьці сумесныя намаганьні і выратаваць Уладзімера Раманцова, а таксама вызваліць усіх незаконна арыштаваных патрыётаў.
Інфармацыйная камісія КХП-БНФ