25 САКАВІКА ЛЮДЗІ ВЫЙШЛІ НА ВУЛІЦЫ МЕНСКУ ЗМАГАЦЦА З АНТЫБЕЛАРУСКІМ РЭЖЫМАМ
25 сакавіка на Дзень Волі з усіх канцоў краіны прыехалі людзі, каб падтрымаць жыхароў Менску ў змагарнай акцыі супраць незаконнага антыбеларускага рэжыму.
К 12 гадзінам на плошчы і прылягаючых частках праспэкту Незалежнасьці ўжо было каля 15 тысячаў чалавек (па розных ацэнках ад 10 да 20 тысячаў). Спэцназу і міліцыі ўдалося частку людзей выціснуць у падземныя пераходы і ў бок плошчы Свабоды, прымяняючы грубую сілу і спэцсродкі. Але на плошчы Кастуся Каліноўскага (такую назву плошчы Кастрычніцкай надала мужная змагарная моладзь "вольнага гораду" 22 сакавіка) прабілася і накапілася вялікая колькасьць удзельнікаў акцыі. Тут на плошчы Кастуся Каліноўскага, на месцы "вольнага гораду", удзельнікі дэманстрацыі плянавалі замацавацца і аднавіць змагарную вызвольную акцыю. Была магчымасьць тут на плошчы замацавацца і распачаць мітынг.
Аднак у 13 гадзінаў спадары Мілінкевіч і Казулін заклікалі ўдзельнікаў акцыі ісці ў сквэр да помніка Янкі Купалы і павялі іх за сабой. У вялікай часткі людзей яшчэ заставаўся давер да гэтых асобаў і яны пайшлі за "павадырамі". Мітынг ля помніка Янкі Купалы вялі памочнікі Казуліна і Мілінкевіча. Мікрафонам распараджаўся Валянцін Вячорка, былы фронтавец. Распарадчык мікрафону і галоўныя выступоўцы Мілінкевіч і Казулін задалі настрой мітынгу і фактычна пагасілі змагарны дух удзельнікаў акцыі. У выказваньнях асноўных выступоўцаў адмыслова не гучэла галоўная тэма 25 Сакавіка, тэма змаганьня з расейскай агрэсіяй, і тое, што рэжым Лукашэнкі ёсьць адростак фашыстоўскага-лубянскага расейскага імпэрскага дрэва.
Заклік Казуліна ісці да спэцтурмы на вул. Акрэсціна, відавочна, меў мэту адвесьці актыўных удзельнікаў акцыі далей ад цэнтру горада, ад плошчы Кастуся Каліноўскага. Мілінкевіч разам з Казуліным спачатку вывелі людзей з плошчы Кастуся Каліноўскага ў сквэр Я. Купалы і пасьля мітынгу Казулін павёў іх далей ад гэтай плошчы на пэрыфэрыю горада.
Напад узброенай банды палкоўніка Паўлючэнкі на мірнае шэсьце ў накірунку вул. Акрэсьціна, ахвяры гэтага нападу і кроў беларусаў кладзецца ў поўнай меры на лукашэнкаўскі фашыстоўскі рэжым і іх крамлёўска-лубянскіх ідэйных кансультантаў і спонсараў.
Падзеі 25 сакавіка а таксама ўсёй "выбарчай" кампаніі патрабуюць пільнага аналізу і асэнсаваньня. Гэта патрэбна для выпрацоўкі далейшых шляхоў змаганьня за вызваленьне Беларусі ад фашыстоўскага акупанцкага рэжыму.
Інфармацыйная камісія КХП-БНФ