ЯК ДАТЭРМІНОВА ГАЛАСАВАЎ МЕНСКІ ВЫБАРШЧЫК БАРЫС МЫТНІК

(з аповеду па тэлефоне)

... Зайшоў я на выбарчы ўчастак. Заля для галасаваньня яшчэ не падрыхтаваная. Па ўказальнікам прайшоў у маленькі пакойчык.

У пакойчыку стаіць стол, за якім сядзіць жанчына, сябра камісіі, і насупраць стаіць выбарчая скрыня. Кабіны для галасаваньня няма. Пытаюся:

- Дзе кабіна для таемнага галасаваньня?

Атрымліваю адказ:

- А я атвярнуся, не буду сматреть.

Прад'яўляю пашпарт, стаўлю подпіс у сьпісе выбаршчыкаў і атрымліваю бюлетэнь. Адна старонка бюлетэню зялёнага колеру. На зялёным полі два подпісы. Паварачаюся да скрыні, жанчына нібыта адвярнулася. Складаю ўдвая бюлетэнь, кладу ў кішэнь і іду да выхаду. Жанчына рэагуе імгненна. Падскоквае да мяне, перагароджвае выхад і крычыць

- Апусьці бюлетень в урну! Не імееш права выносіть бюлетень! Куда ты его несёш!?

Кажу спакойна:

- У вас няма кабіны, дзе я мог бы таемна прыняць рашэньне. Пайду ў прыбіральню, там хоць ёсьць кабіны, альбо пайду дадому і там вырашу, як мне галасаваць.

Мінаваў жанчыну і спакойна выйшаў з участку.

Занатаваў 17 сакавіка 2006 году Рыгор Асташонак