ПАНІКА ПАДСТАЎНЫХ

Апошнімі днямі ў некалькіх эўрапейскіх гарадах адбыліся шматлюдныя акцыі моладзі ў падтрымку дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі. Так, у Варшаве і Вільні тысячы юнакоў і дзяўчат (у асноўным мясцовыя палякі і летувісы) гукалі (няхай сабе з акцэнтам) покліч Беларускага Адраджэньня — "Жыве Беларусь!" Над шэрагамі салідарнай моладзі луналі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі вольнай Беларусі. Адным словам, колькі ні мітусілася псэўдаапазыцыйная агентура, але засланым "казачкам" не ўдалося ўзьняць у эўрапейскіх сталіцах джынсавыя порткі на дручку. Палякі і летувісы такога фокуса не зразумелі і паабяцалі абсьвістаць падстаўных лубянскіх тыпчыкаў, калі яны заменяць сьвятую нацыянальную сымволіку на блюзьнерскую порхаўку.

Але ж набліжаецца 19 сакавіка. Мілінкевіч і Казулін ўвесь час заклікалі электарат на плошчу — "дамагацца справядлівасьці" ад фальшывага рэжыму. Дазаклікаліся да таго, што й самы напалохаліся. Пачалася паніка. А раптам сапраўды пасьля абвяшчэньня "элегантнай перамогі" шклоўца на Кастрычніцкую плошчу ў Менску прыдуць мільёны грамадзянаў, ды пад Бел-Чырвона-Белымі нацыянальнымі сьцягамі? Псэўдаапазыцыянэры задрыгалі ножкамі і пачалі чарговае прамываньне мазгоў. Паляцелі на радыё Свабода. На радыёхвалях з вечара 17 сакавіка плюхаецца Мілінкевіч. Падстаўны назойліва бароніць джынсавую анучу — "колер рэвалюцыі". Аргумэнтуе і так і гэтак. Яму б пазайздросьціў самы абазнаны схаляст эпохі цемрашальства і найхітрэйшы антычны сафіст. Адзіная мэта гэтага панічнага вэрхалу — не дапусьціць, каб беларускі народ раптам не ўзьняў бы над сабой свой Беларускі нацыянальны Сьцяг Ісуса Хрыста. Сатана баіцца хрысьціянскага сымвала, служкі нячысьціка сунуць у рукі беларускіх юнакоў і дзяўчат джынсовае шмацьцё.

Кіравальшчыкі Мілінкевіча і Казуліна — Масква і антынародны рэжым — таксама ў паніцы. За апошнія дні чаго толькі мы не наслухаліся ад гэбоўскіх начальнікаў ды шклоўскіх "прэзыдэнтаў". І гэтыя баяцца, што на плошчу прыйдзе народ пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Вось жа цікава — баяцца і панікуюць яны неяк аднолькава. Спэцслужбы аддалі загад і па ўсёй Беларусі зазьвінелі сотні тысячаў мабільных тэлефонаў. Сотні тысячаў грамадзянаў атрымалі стандартную "эсэсэмэску" з наступным тэкстам: "Дорогіе товарішчі, 19 марта на Октябрьской плошчаді провокаторы готовят кровопролітіе. Не ідіте туда, позаботьтесь о своей жізні і здоровье". Рэжымны страх ёсьць яскравым сьведчаньнем прагніласьці гэтага рэжыму. Анучныя выверты прысьцёбнутай да рэжыму псэўдаапазыцыі ёсьць сьведчаньнем фальшывасьці мілінкевіцка-казулінскай кампаніі. Нельга ім верыць. Беларускі Народ павінен сам сказаць сваё слова пад сьвятым Беларускім Бел-Чырвона-белым Сьцягам. Гэтыя выбары нельга прызнаваць, бо Лукашэнка ня меў права ў іх удзельнічаць. Яны незаконныя, абраньне на трэці тэрмін нелегітымнае. Павінны быць новыя выбары без Лукашэнкі.

19 сакавіка трэба прыняць удзел у Народным Галасаваньні, а потым здаць свой афіцыйны бюлетэнь у Нацыянальную Грамадзкую Камісію. Гэта будзе сапраўдным актам грамадзянскага супраціву антынароднай прамаскоўскай дыктатуры.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ