НАПАД НА АКТЫВІСТКУ Ў МЕНСКУ

16 сакавіка сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп-ня Маргарыта Лявоцкая стаяла на аўтобусным прыпынку. Яна загаварыла пра выбары з мужчынам, што стаяў побач. Пачала яму тлумачыць пра Народнае Галасаваньне. Нечакана гэты чалавек груба схапіў яе за руку і павалок за сабой у міліцэйскі пастарунак, які знаходзіўся непадалёк. У міліцыі ён заявіў, што сп-ня Лявоцкая "агітавала яго". Маёр міліцыі Ждановіч склаў пратакол аб "распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных". Міліцыя канфіскавала каля 150 друкаваных матэр'ялаў пра Народнае Галасаваньне. Аказалася, што брутальны напад на актывістку зрабіў В. Кацевіч, старшы прапаршчык службы, якая мае абрэвіятуру УУООСБЭ РБ. Міліцыянты патлумачылі, што гэта служба ахоўвае склады і крамы. Сп-ню Лявоцкую папярэдзілі аб тым, што яе выклікаюць у суд і адпусьцілі праз 40 хвілін.

Антыбеларускі рэжым трасецца ад страху, мабілізаваў ўсіх сваіх прапаршчыкаў, стукачоў і іншых чыноў усіх службаў. Нападаючы на жанчын пэнсійнага ўзросту, як сп-ня Лявоцкая, яны павінны ведаць, што прыйдзецца адказваць за свае злачынствы.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ