ЯНЫ “ЗА” І НАВАТ “СУПРАЦЬ”

17 сакавіка 2006 г. Чэшская газэта "Lidove Noviny" паведамляе пра падзеі ў Беларусі (сёньня гэта робяць усе СМІ сьвету). Усе цытуюць галоўнага гэбіста РБ Сухаранку, які абяцае адлуп "тэрарыстам". А чэшскі журналіст дае цытату з С. Калякіна, "кіраўніка штабу дэмкандыдата Мілінкевіча": "Улады блытаюць мірных жыхароў з тэрарыстамі. Адказнасьць за наступствы кладзецца на ўлады".

Наш камэнтар: Цытаткі даволі дакладныя. Толькі вось чаму чэшскі рэпарцёр не ўдакладніў, што штабам "адзінага" Мілінкевіча кіруе бальшавік Калякін? Можа ён гэтага ня ведае? Хутчэй, аднак, ён пра гэта ведае. Але чэшскім чытачам не паведамляе. Бо яны спыталіся б у яго: "Дык што гэта за агульнадэмакратычны кандыдат, якім кіруе генсек таталітарнай партыі, у статуце якой напісана пра "аднаўленьне СССР і дзядулю Леніна"? Ім бы адразу стала зразумела, што за Мілінкевічам стаіць варожая дэмакратыі і свабодзе расейская каляніяльная сістэма, ад якой самы чэхі пазбавіліся зусім нядаўна. Менавіта таму "адзіны" з сваім штабістам-бальшавіком працягвае заклікаць беларусаў ісьці на фальшывыя выбары і "аддаць свой голас", а потым маршыраваць на плошчу ў сталіцы. Пасьля правалу савецкага путчу ў жніўні 1991 г. беларуская моладзь пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі ачэплівала сядзібы КПСС і дэманстравала за незалежнасьць Беларусі. Студэнты нават арганізавалі жартоўную цырымонію адпяваньня і пахаваньня марксізму-ленінізму перад будынкам ЦК КПБ у Менску. Насілі па горадзе труну з ленінскімі падручнікамі. Хто мог падумаць тады, што праз 15 гадоў бальшавіцкі монстр устане з магілы і голасам Калякіна будзе тэарэтызаваць наконт "народных пратэстаў"? Няўжо студэнцкая моладзь пойдзе за камуніста Калякіна і ягонага кліента — падстаўнога Мілінкевіча? А галасаваць і дзейнічаць трэба б было па прынцыпу Народнага Галасаваньня, каб потым перадаць свае бюлетэні ў Нацыянальную Грамадзкую камісію і выкінуць Лукашэнку з выбараў.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ