ЭЎРАНЕМЦЫ ПЛЯНУЮЦЬ РУСІФІКАВАЦЬ БЕЛАРУСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЛІЦЭЙ
Гісторыя паказвае, што самыя подлыя антыбеларускія справы, пачынаючы ад трох разбораў Рэчы Паспалітай і, канчаючы расколам БНФ і вяшчаньнем "Нямецкай хвалі", Масква рабіла разам зь немцамі і пры іхнай дапамозе.
Брусэльскае эўраначальства яшчэ летась "ашчасьлівіла" Летуву нечаканым падарункам. Дала эўрагрошы на разьмяшчэньне ў Вільні ЕГУ (навучальнай канторы, якую нібыта перасьледваў шклоўскі рэжым). Беларусам тады было незразумела, з чаго гэта дыктатура пагнала з Менску сваю вернападданую, ўшчэнт расейскую ўстанову? Але з часам стала зразумела і нам і летувісам, што ў Вільні такім чынам спрабуюць арганізаваць агентурны цэнтар расейскіх спэцслужбаў і расейскага ўплыву пад надзейным "дахам" псэўдаўнівэрсітэту. Менавіта таму летувіскія ўлады цяпер адмаўляюцца надаць ЕГУ статус унівэрсітэту. Яны разумеюць, што ня трэба было заваёўваць дзяржаўную незалежнасьць, вяртацца да летувіскай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця і вытурваць з краіны расейскую прафэсуру, каб праз 15 гадоў пасадзіць сабе на шыю агента КГБ акадэміка Міхайлава (рэктара ЕГУ) і ягоную русіфікатарскую кантору.
Трагікамэдыя пад грыфам ЕГУ атрымала апошнім часам працяг у Менску. Кіраўніцтва Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа раптам пачало актыўна апрацоўваць навучэнцаў ліцэю, пераконваючы іх, што Ліцэю трэба зьязджаць у Вільню. А самае галоўнае, што ў Вільні яны мяркуюць уключыць Ліцэй у структуру ЕГУ. Калі вучні і бацькі пытаюцца ў гэтых зазывалаў, на якой мове ідзе працэс навучаньня ў ЕГУ, тыя адказваюць: "Пакуль што па-расейску..." Дзякуй за шчырасьць. Толькі трэба быць шчырым да канца. Зазывалы атрымалі ад брусэльскіх немцаў (лепшых сябрукоў маскоўскіх русіфікатараў Беларусі) зваблівую прапанову перасяліцца ў Вільню і камфортна жыць на гранты. Умова толькі адна: уключыцца ў склад ЕГУ і жыць па законах "велікой русской культуры". Зразумела, што такі "манэўр" азначаў бы гібель Беларускага Ліцэю. Калі рэжым зьнішчаў Беларускі Ліцэй, уся сумленная Беларусь выступіла ў яго абарону. Толькі "ЕГУ" і ягоныя зрусіфікаваныя навучэнцы адмовіліся ад салідарнасьці са змаганьнем ліцэістаў за існаваньне Ліцэю. Беларускія патрыёты павінны ў чарговы раз устаць на абарону Беларускага Ліцэю, гэтым разам ад хваткіх жулікаў.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ