SOS!
(Вытрымкі з артыкула А. Лозкі "ЗРУЙНАВАНЬНЕ", "Народная Воля", — 2006, 15 сакавіка)
Толькi ў чатырох (!) мiнскiх адукацыйных установах навучанне iдзе па-беларуску
Падставай для стварэння ў суверэннай Беларусi ТБШ была трывога патрыятычнай iнтэлiгенцыi за стан нацыянальнай адукацыi. Так, калi ў 1993/94 навучальным годзе ў першыя класы з беларускай мовай навучання прымалася ў краiне 76% дзяцей (у сталiчнай вобласцi нават 92,6%), то праз два гады — ужо толькi 37,9%. Пасля сумнавядомага рэферэндуму 1995 г., мэтай якога было нiбыта "ўраўнаванне" беларускай i рускай моў, а насамрэч — удушэнне нацыянальнага адраджэння Беларусi i роднай мовы, якую, згодна з апошнiм перапiсам, прызнала 77,7% насельнiцтва, "працэс пайшоў" вельмi хутка. Карцiна гэтага ўжо не "ўраўнавання", а зруйнавання ясна бачыцца з н таблiцы прыёму для навучання на роднай мове ў першыя (падрыхтоўчыя) класы (глядзіце знізу).
За 12 гадоў ад 76% прыёму ў першыя класы з роднай мовай навучання лiчба знiзiлася да 21,4% ад усiх першакласнiкаў, а ў сталiцы яна апусцiлася да "рэкорднай" ганебнай прыступкi — 2,4%. Толькi ў чатырох (!) мiнскiх адукацыйных установах навучанне iдзе па-беларуску. Для iх пералiчэння i пальцаў адной рукi замнога: СШ № 60 (Маскоўскi раён), гiмназiя № 9 (Першамайскi раён), гiмназiя № 4 (Фрунзенскi раён) i гiмназiя-каледж мастацтваў Мiнiстэрства культуры (Цэнтральны раён). Якасць навучання i выхавання ў iх не аднолькавая. I ва ўсякiм выпадку непараўнальная з нашай лепшай установай — колiшнiм Нацыянальным дзяржаўным гуманiтарным лiцэем iмя Якуба Коласа, якi ў 2003 годзе быў зачынены ўладамi "с целью оптимизации учебного процесса".
Штогод лiквiдацыi i пераводу на рускую мову падлягуюць па розных прычынах дзесяткi ўстаноў, у тым лiку i ў вёсцы. Знiшчэнне нацыянальнай школы вядзецца хуткiмi тэмпамi, якiх не ведала наша гiсторыя. Афiцыйна змяненнi тлумачацца "рэарганiзацыяй" з найлепшымi намерамi. У вынiку такiх намераў толькi ў 2002/03 навучальным годзе адразу 152 школы з беларускай мовай навучання скончылi сваё iснаванне (усяго зачынены 184 школы). Затым мы не далiчылi 118 школ з беларускай мовай навучання i 51 — з дзвюма (усяго 169). Цяпер згублена 115 школ з беларускай мовай навучання i 49 — з дзвюма мовамi. Рускамоўныя ўстановы не турбуе праблема "неперспектыўнасцi" — скарачаюцца беларускамоўныя малакамплектныя вясковыя школы, якiя функцыянавалi нават у цяжкiя пасляваенныя гады вайны, часы голаду i разрухi.
На роднай мове зараз займаецца ўсяго 23,3% школьнiкаў i толькi 12,9% дашкалятаў. Гэта — крытычныя межы iснавання нацыi! Як вядома, па вызначэннi ЮНЕСКО, народ знаходзiцца на мяжы знiкнення, калi на яго мове размаўляе менш за 30% дзяцей. Вось куды нас прывялi. Якi там ледзь не "сусветны" ўзровень адукацыi, калi сярэднiх спецыяльных i вышэйшых адукацыйных устаноў на роднай мове зусiм няма.
Жахлiвы рэальны стан спраў скажаецца афiцыйнай прапагандай на тэлебачаннi, радыё, у дзяржаўных газетах. Мiнiстэрства адукацыi, як i iншыя, надзвычай запалiтызавана. Накладзена iдэалагiчнае ярмо ў адукацыi i выхаваннi. Строга кантралюецца выезд школьнiкаў i студэнтаў за мяжу. Пачашчаюцца выпадкi незаключэння кантрактаў па палiтычных матывах нават з педагогамi, якiя дабiлiся вiдавочных поспехаў. "Недабранадзейныя", хоць i добра паспяваючыя навучэнцы таксама выганяюцца. Дакацiлася нават да таго, што Мiнiстэрства адукацыi перайшло да жандарска-палiтычнага прынцыпу ў ацэнцы творчасцi пiсьменнiкаў, даючы рэкамендацыi сваiм структурам кшталту "поручаем принять меры по недопущению проведения в учреждениях образования мероприятий по линии общественного объединения "Союз белорусских писателей". На гэтай падставе наблiжаецца перагляд праграм i падручнiкаў па беларускай i рускай лiтаратурах...
Цi было калi такое, каб выключаныя навучэнцы аб'яўлялi галадоўку? Бацькi спрабуюць праз суды дабiцца навучання сваiх дзяцей па-беларуску i аднаўлення на працы пасля звальнення педагога па палiтычных матывах. Навучэнцы лiквiдаванага гуманiтарнага лiцэя займаюцца самастойна i здаюць iспыты экстэрнам, але не iдуць у дзяржаўныя абруселыя ўстановы...
Алесь Лозка, "Народная Воля"