ПАДСТАЎНЫМ ВЫЗНАЧЫЛІ “ПЛАНКУ”
16 сакавіка 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра выбары ў Беларусі. Пераказваюцца вядомыя зьвесткі пра затрыманьні "аднаго з лідэраў апазыцыі пана Лебедько" і іншых "апазыцыянэраў", пра высылку датчанаў і швэдаў, якія хацелі паназіраць за выбарамі. Падкрэсьліваецца, што за падтрымку "апазыцыі" пачалі перасьледваць некаторых прадстаўнікоў "зьвёнзку палякаў Беларусі".
Наш камэнтар: У цэлым тон артыкула вялы, а тэкст роўны і нудны. Падобна, што польскія журналісты ўрэшце адчулі, што "нешта не так" ва ўсім гэтым менскім балагане. Але ня могуць зьмяніць сваю пазыцыю, што да мясцовай псэўдаапазыцыі. Лебедьку і Мілінкевічу яны ўжо не раздаюць эпітэты "гераічны" і "мужны" з такой шчодрасьцю, як раней. Мабыць, наглядзеліся, што тым усе "рэпрэсіі" як з гусі вада. Больш-менш жывым атрымаўся фінал паведамленьня. Цытуецца старшыня ЦВК Ярмошына, якая кажа, што хаця "апазыцыя і паводзіць сабе па-хуліганску, ейных прадстаўнікоў з выбараў ніхто здымаць ня будзе..." Вось гэта і ёсьць самае галоўнае. Што б ні казалі ў сваіх расейскіх выступах Мілінкевіч і Казулін, як бы яны не "раскрывалі" таямніцы адной шклоўскай сямьі, іх ніхто ня здыме з дыстанцыі. Бо яны працуюць на карысьць рэжыму, заклікаючы людзей "аддаць свой голас" на фальшывых выбарах.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ