СЬМЯРДЗЮЧАЯ СПРАВА

Слабадан Мілошавіч быў знойдзены мёртвым у суботу 11 сакавіка ў сваёй камэры ў турме Міжнароднага суду ў Галяндыі. Афіцыйная прычына сьмерці пакуль не вядомая. Паводле папярэдніх вынікаў ускрыцьця, Мілошавіч памёр ад інфаркту.

Галяндзкі спэцыяліст ў галіне судовай мэдыцыны таксыколяг Рональд Угэс заявіў, што ў аналізах крыві Мілошавіча ад 12 студзеня былі выяўленыя субстанцыі, якія звычайна ўжываюцца супраць праказы і сухотаў. Яны вядомыя тым, што нэўтралізуюць тэрапію супраць гіпэртаніі. Нагадаем, што Мілошавіч скардзіўся на сэрца і высокі ціск цягам чатырох гадоў працэсу ў Гаазе.

Адвакат Мілошавіча Здэнка Таманавіч:

Таманавіч: "Не падлягае сумневу, што Мілошавіч шмат разоў публічна ў часе слуханьняў ў судзе скардзіўся на слабое здароўе. Усе мы, хто прысутнічаў на працэсе ўсьведамлялі той факт, што Мілошавіч сапраўды выглядае і адчувае сябе вельмі дрэнна".

Учора адвакат Мілошавіча зачытаў адрасаваны расейскаму МЗС'у ліст, напісаны ягоным кліентам за дзень перад сьмерцю. Былы прэзыдэнт Югаславіі пісаў, што яго нібыта хочуць атруціць. "Прашу дапамагчы і абараніць мяне ад крымінальных дзеяньняў, якія праводзяцца зь ведаму ААН", — пісаў Мілошавіч.

"Ён ня меў іншага выбару, як толькі памерці натуральнай сьмерцю альбо кончыць жыцьцё самагубствам", — цынічна заявіла галоўная пракурор Міжнароднага трыбуналу Карла дэль Понтэ. Аднак паводле аднаго з адвакатаў Стывэна Кэя, усяго за два дні перад сьмерцю Мілошавіч казаў яму: "Не на тое я так доўга змагаюся, каб сабе самому зрабіць крыўду".

Для часткі сэрбскага грамадзтва прычына сьмерці Мілошавіча — відавочная. "Забіты без прысуду", "Гаага забіла Мілошавіча" — з такімі загалоўкамі выйшлі некаторыя сэрбскія газэты. Прыхільнікі Мілошавіча назвалі ягоную сьмерць "вялікай стратай для сэрбскага народу". З другога боку, многія іншыя выказваюць шкадаваньне, што чалавек па мянушцы "мясьнік Балканаў" не дачакаўся справядлівага прысуду. Пакуль не вядома, дзе Слабадан Мілошавіч будзе пахаваны.

З матэрыялаў радыё "Свабода"