МІЛОШАВІЧ НЕ ЖЫВЕ

12 сакавіка 2006 г. Швэйцарская газэта "Neue Zuercher Zeitung" паведамляе пра сьмерць Мілошавіча ў турме Гаагскага міжнароднага трыбуналу. На фатаздымку прыхільнік былога прэзыдэнта Сэрбіі цалуе ягоны партрэт. Мілошавічаўцы крычаць, што іхнага лідэра забілі ў турме. Пракурор Карла Дэль Понтэ перакананая, што ўсяроўна працэс скончыўся б турэмным прысудам для Мілошавіча.

Наш камэнтар: З сэрбскімі шавіністамі (якія пад кіраўніцтвам Мілошавіча давялі сваю краіну да катастрофы) усё зразумела. Яны яшчэ гадоў трыста будуць аплакваць сваю разваленую імпэрыю. Найбольш цікава паглядзець на рэакцыю крамлёўскай і калякрамлёўскай публікі. "Жырыкі" і іншыя запісныя блазны надрываюцца на ўсіх тэлеканалах: "Забілі нашага дарагога!..." Становіцца яшчэ больш зразумелым, што за плячыма забойцы народаў Мілошавіча стаяла Масква зь яе балканскімі амбіцыямі. Прамінула 15 гадоў пасьля пачатку распаду югаслаўскай імпэрыі ў 1991 г., калі сэрбскія імпэрыялісты паспрабавалі выратаваць свайго монстра. І вось ужо адзін за адным вешаюцца і не прачынаюцца ў турэмных каморах арганізатары агрэсіяў і забойстваў той вайны. У Маскве відаць панічна баяцца, што праз колькі гадоў іх чакае такі ж лёс.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ