ДА ГІСТОРЫІ ЗАБАРОНЫ ВУНІІ НА ЎКРАІНЕ

— Дакладна 60 гадоў таму улады СССР ліквідавалі Украінскі Грэка-каталікцкі Касьцёл, — успамінае польская "Rzeczpospolita" 8 сакавіка.

8 сакавіка 1946 году адбыўся ткзв. Львоўскі псэўдасабор. У царкве Сьвятога Юры ў Львове пад пагрозаю сьмяротнага пакараньня сабраліся 216 вуніяцкіх духоўных. Пасьля трох дзён паседжаньняў было прынятае рашэньне аб скасаваньні Берасьцейскай Вуніі ад 1596 г. і далучэньня вуніятаў да праваслаў'я.

Сход склікала не Вуніяцкая Царква, і адбываўся ён без удзелу біскупаў. Ініцыятарам быў рэпрэсыйны ворган СССР, пагэтаму мы называем яго псэўдасаборам — кажа Олэг Турій з Інстытуту Гісторыі Царквы ў Львове.

Пасьля псэўдасабору на праваслаў'е перайшло больш як тысяча вуніяцкіх душпастыраў. Больш трохсот "непакорных" біскупаў ды сьвятароў савецкія ўлады выслалі у лагеры Далёкай Поўначы ды Казахстану.

Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату ва Ўкраіне мае ўласную думку на тэму псэўдасабору.

— Яны сьцьвярджаюць, што сынод 1946 г. быў дабравольным рашэньнем грэкакаталіцкіх духоўных, якія жадалі перайсьці ў праваслаўе, — зазначае Олэг Турій.

Зьміцер Гурневіч, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ