КРАМЛЁЎСКІ КАЛЕЙДАСКОП

6 сакавіка крамлёўскае начальства весялілася і піла шампан. Пуцін з прэмьерам Фрадковым і віцэ-прэмьерам (а таксама міністрам вайны) Івановым наладзіў прыём для алімпійскай зборнай у Крамлі. Усе актыўна рагаталі. Расейскае тэлебачаньне паказала і пракамэнтавала: "Путин даже приобнял фигуристку Слуцкую..." Начальнік раздаваў атлетам-мэдалістам аўтамабілі і грашовыя прызы. Атлеткам вынесьлі таксама дарагую біжутэрыю. Дапіўшы шампан, Пуцін зайшоў у свой кабінэт і падмахнуў новы тэрарыстычны закон "Аб тэрарызме", ужо адобраны ў Думе. Цяпер ён зусім легальна можа паліць жыўцом дзяцей цэлымі школамі, зьбіваць пасажырскія самалёты, труціць тэатральныя імпрэзы газамі і штурмаваць на танках жылыя кварталы — прычым усё гэта ў любой краіне сьвету. Аб адным толькі не падумаў лубянскі кіраўнік, што ўрэшце рэшт менавіта на яго ягоная ж каманда зваліць усю (выключна ўсю) адказнасьць за злачынствы супраць чалавечнасьці. Гэтак жа, як зваліла яна некалі свае злачынствы на Сталіна, Хрушчова і Брэжнева з Андропавым. Але сьмяецца лубянскі гном, цяпер ён будзе "мочіть всех в сортіре" дэ-юрэ. Круціцца пачварны маскоўскі калейдаскоп.

У той жа дзень маскоўскі дэсант на чале зь міністрам замежных справаў Лаўровым "заваёўваў" Канаду. Там таксама шмат сьмяяліся. Новаму прэмьеру Канады Маккэю дагэтуль сьмешна пасьля выйграных нядаўна выбараў. Ён бадзёра братаўся з Лаўровым, заяўляў, што "адінай змрочнай старонкай у канадска-расейскіх адносінах зьяўляецца алімпійская параза канадскіх хакеістаў ад расейскай зборнай" (сьмех у залі). Расейскія тэлеканалы паведамілі таксама пад гэтую падзею, што "канадскі бізнэс рвецца на расейскія рынкі". Ну што ж, зарабіць хочацца ўсім. Толькі няхай бы спачатку імпэтныя бізнэсоўцы распыталі сваіх эўрапейскіх папярэднікаў. Тыя б ім паведамілі, як расейскія кампаньёны іх "ліхо взулі на необ'ятных просторах Россіі" (любімая формула мафійнага расейскага капіталу). Як актыўны ўдзел у працэсе "взуванія" прымала скарумпаванае чынавенства, міліцыя і спэцслужбы. Пасьля Мадрыда, Будапэшта і Прагі пірацкі чорны сьцяг Лубянкі з чэрапам і касьцямі ўзьняты яшчэ над адной сталіцай. Хто наступны ў гэтым трыюмфальным шэсьці ворагаў чалавецтва?

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ