“МЫ ВЫСКАЖЕМ НАШЕ МНЕНИЕ И РАЗОЙДЁМСЯ”
У першыя дні сакавіка на вуліцах беларускіх гарадоў рэжым загадаў разьвесіць-расклеіць яркія агромністыя і меншых памераў плякаты. Зялёна-чырвоны колер вызначае дэвізы гэтай рэжымнай кампаніі: "За Беларусь независимую", потым "За Беларусь процветающую", "За Беларусь мирную" и г.д. На выявах салодкія амонаўцы, шчасьлівыя калгасныя пэнсіянеры, энтузіястычныя БРСМаўцы ды іншая рэклямная лухта. Найбольш змрочны па калярыту і, трэба прызнацца, найбольш адэкватны па вобразнаму рашэньню транспарант пра "Беларусь просвешчённую". Сярэднестатыстычны падлетак у школьным мундзірчыку "смотрыт вперод" (цытуем Лукашэнку), а на фоне — змрочная чорная клясная дошка, на якой крэйдай напісана "Моя родина — Беларусь. Я живу в Минске..." Рэжым куражыцца. Прамаскоўскім халуям здаецца, што яны назаўсёды зьнішчылі беларускую мову і беларускае школьніцтва. Зьнішчаючы нашу незалежную дзяржаву, яны плявузгаюць пра "незавісімость". І думаюць, што так яно й застанецца, што яны будуць нішчыць і разбураць бясконца. Але блюзьнерскі "патрыятызм" рэжымных ваўкулакаў-прадажнікаў — мана на кароткіх ножках. Яна рассыпецца адразу, калі беларускі народ устане на абарону сваёй сапраўднай незалежнасьці (а не лубянскай "незавісімості"), сваёй мовы і культуры.
Разам з рэжымам і тымі ж мэтадамі дзейнічае псэўдаапазыцыя РБ. Тэлеканал "Эўраньюс" з 5 сакавіка ўжо суткамі круціць рэпартаж з Баранавічаў, дзе ў вялікай зале выступаў "адзіны" Мілінкевіч. Яркія карцінкі з гэтай падзеі перадала таксама радыё Свабода. Журналісты распавялі, як Мілінкевіч заклікае людзей выйсьці на плошчу 19 сакавіка, якая ён альтэрнатыва Лукашэнку. Паведамілі пра спробу ворагаў дэмакратыі сарваць сустрэчу выкрыкамі "За Лукашенко!", што хорам гучалі з залі. Але "наш герой" мужна давёў сустрэчу да канца і паехаў у Салігорск.
Што ж адбылося ў Баранавічах на самой справе. Пра падзеі расказаў нам сп. Яўген Даўгіловіч, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, які прысутнічаў на сходзе. Мілінкевіч выступаў (як заўсёды) выключна на чужой мове. На сустрэчы наагул не прагучала аніводнага беларускага слова. З хваткасьцю аплочанага канфэрансье вёў імпрэзу "філёляг" і палітычны імітатар Вінцук Вячорка. Сярод іншага Мілінкевіч заявіў: "Мы сделаем интеграцию с Россией ещё тесней, чем Лукашенко..." Калі публіка спытала ў яго, што трэба рабіць на плошчы 19 сакавіка, калі стане вядома, што рэжым сфальсіфікаваў выбары, "адзіны" адказаў не маргнуўшы вокам: "Мы выскажем наше мнение и разойдёмся по домам..." У зале і на сцэне не было аніводнага бел-чырвона-белага сьцягу. Але самае цікавае адбылося з "правакатарамі". Калі яны накрычаліся "за лукашенко", Мілінкевіч раптам махнуў рукой і гукнуў: "Ну хватит, идите уже..." І ўсі яны, што крычалі — усталі і пайшлі з залі (!!!). Яны атрымалі загад ад Мілінкевіча. Аказваецца яны — адна каманда, у іх адны задачы. І вось усю гэтую мяшанку, гэтую фальшывасьць Свабодка і міжнародны тэлеканал падносяць мільёнам людзей як сапраўдны эпізод барыкаднай барацьбы супраць дыктатуры. Многія людзі, выходзячы з баранавіцкай залі, ківалі галовамі і казалі: "Дык гэта ж другі Ганчарык..." Разумных людзей не падманеш.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ