“МЫ СДЕЛАЕМ ИНТЕГРАЦИЮ С РОССИЕЙ ЕЩЁ ТЕСНЕЕ!”
7 сакавіка 2006 г. Летувіская газэта "Lietuvos Rytas" публікуе паведамленьне з Беларусі пад тытулам "Мілінкявічус хоча навязаць сувязі з Захадам і пашыраць сувязі з Расеяй". Тэкст складзены з шэрагу цытатаў згаданага "палітыкаса з Балтарусіі".
Наш камэнтар: Пачытае летувіскі грамадзянін гэты густы тэкст і падумае: "Які ж мудры гэты Мілінкявічус, хоча з усімі быць у сувязі, міру мір і гэтак далей..." Уздыхне горка, зірнуўшы на віленскіх начальнікаў, які свой народ накіроўваюць у Эўропу, НАТО і папярэджваюць пра падступныя пляны Крамля. Ня будзем жа зьдзіўляцца філясофіі летувіскіх газэтчыкаў. Яны робяць шчырую спасылку на крыніцу цытатаў з Мілінкевіча. Гэта такая агенцыя "Интерфакс" (якую кантралюе Масква). Маскоўская агентурка павылушчвала з выступаў "адзінага і непаўторнага" шэраг фрагмэнцікаў і перадала іх на ўвесь сьвет. Можна зразумець, калі інтэрфаксаўскую лухту рэтранслюе для сваіх чытачоў якая-небудзь рэгіянальная газэтка на Саламонавых выспах або ў Парагваі. Але каб такое рабілі ў вядучым штодзённым выданьні суседняй нам дзяржавы — гэта фантастычна! Што ж не паведамілі віленскія газэтчыкі пра тое, як на працягу некалькіх тыдняў перадвыбачай кампаніі гэты Мілінкявічус разы тры лётаў у Маскву па інструкцыі і грошы? Што ж не згадалі яны пра тое, што гэты "адзіны дэмакрат" выступае перад публікай выключна па-расейску, на мове акупантаў Беларусі і Летувы? Што ён вылузваецца са скуры ў спаборніцтве з Лукашэнкасам і Казулявічусам, хто прыгажэй і вернападданей пахваліць Расею. Як ён заяўляе прылюдна: "Мы сделаем интеграцию с Россией ещё теснее!" Як ён адкінуў сьвятую нацыянальную сымволіку і заклікае да "рэвалюцыі" пад джынсавымі порткамі на дручку. Пра ініцыятыву патрыётаў з Народным Галасаваньнем у віленскай газэце не знайшлося месца нават на два радкі. Складваецца такое ўражаньне, што для некаторых у Вільні важна, каб у суседняй Беларусі працягваўся гэты маразм з марыянэткавым рэжымам і прысьцёбнутай да яго псэўдаапазыцыяй, каб наша краіна заставалася акупаванай і аслабленай. Хаця што там? Няхай бы летувіская эліта ўспомніла, як яна радвалася стану аслабленай і акупаванай Польшчы ў 1939 г., як задаволена прыняла тады маскоўскі падарунак — тэрыторыю Віленшчыны. Толькі радасьць была нядоўгай, праз некалькі месяцаў Масква захапіла і растаптала саму Летуву. Вядома, што маразмас і глупствас у гісторыі часам паўтараюцца.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ