ПАМЯЦЬ ПРА ВЯЛІКУЮ ВАЙНУ

4 сакавіка 2006 г. Нідэрландская газэта "De Telegraaf" паведамляе пра пошукі жывых вэтэранаў Першай сусьветнай вайны ў Францыі. Нядаўна Нацыянальнае Бюро вэтэранскіх справаў пацьвердзіла, што яму ўдалося знайсьці яшчэ двух вэтэранаў. У адным з прытулкаў для пажылых жыве 104-гадовы Франсуа Жафр. 16-гадовым юнаком ён на падводнай лодцы суправаджаў амэрыканскія канвоі праз Атлянтыку. Другі — 107-гадовы Рэнэ Рыфо, які змагаўся супраць немцаў у Ардэнах і нават быў атручаны баявымі газамі. Старэйшаму з французкіх вэтэранаў той вайны летась споўнілася 112 гадоў. Урад Францыі ўжо зрабіў заяву, што калі памрэ апошні вэтэран вайны 1914-18 гг., то дзень ягонага пахаваньня будзе абвешчаны Днём памяці і агульнанацыянальных дзяржаўных мерапрыемстваў.

Наш камэнтар: Можна толькі пазайздросьціць культуры Памяці, якая жыве ў Францыі нягледзячы на даўніну падзеяў і сёньняшнія клопаты. Вялікая вайна (як сучасьнікі называлі Першую сусьветную) не стала для французаў (ды і для ўсіх эўрапейцаў) забытай старонкай з школьнага падручніка. Па ўсёй Эўропе — у Францыі, Нямеччыне, Угоршчыне, Чэхіі, Італіі, Бэльгіі — у кожным горадзе і маленькай вёсачцы вы ўбачыце помнікі, мэмарыяльныя шыльды, манумэнтальныя крыжы. На іх напісаны імёны зямлякоў, якія загінулі на франтах Першай сусьветнай. Прапраўнукі ведаюць сваіх продкаў, на імшах у сталічных катэдрах і маленькіх вясковых касьцёлах людзі моляцца за іхныя душы і памінаюць ваяроў. І нават, калі апошні жаўнер той вайны пакіне зямны сьвет, ягонае пакаленьне не станецца мёртвым пластом, а будзе жыць ў несьмяротнай душы свайго народу.

А цяпер гляньце на Расею. Фэадальная імпэрыя кінула ў агонь Першай сусьветнай мільёны людзей, у лабавых атаках змарнавала безьліч жыцьцяў нашых продкаў. Паводле сувораўскай "наукі побеждать" (вечна дзейснай маскоўскай канцэпцыі "людей не жалеть"), тупыя начальнікі параскідалі па франтах і марах мільёны сыноў народаў расейскіх калёніяў. Ні ў самой Расеі, ні ў Беларусі або Украіне (якія існавалі пад маскоўскім ігам) мы ня ўбачым аніводнага знака памяці жаўнерам той вайны. Бальшавікі абвясьцілі яе "імпэрыялістычнай" і наплявалі на жаўнерскія магілы. Бальшавіцка-расейскі рэжым імкнуўся сьцерці з народнай памяці гэты крывавы манумэнтальны эпізод. Так было выгадна крамлёўскім фальсіфікатарам, якія спрабавалі даказаць беларусам, што мы і Беларусь існуем з 1918 году, калі нас ашчасьлівілі савецкай уладай. А раней, маўляў, "Белоруссіі не было." Крамлёўская улада баялася і баіцца беларусаў, арганізаваных у палкі і дывізіі. Ва ўсіх войнах нашы продкі паказвалі прыклад мужнасьці і геройства, мелі найлепшыя водгукі ва ўсіх хаўрусьнікаў і нават рэспэкт ворагаў. Акупантам страшна ўспомніць, як у верасьні 1917 года на Румынскім фронце на заклік патрыятычных афіцэраў-беларусаў на працягу лічаных дзён 100 тысячаў дабраахвотнікаў запісаліся ў беларускія палкі. Упершыню за 120 гадоў расейскай акупацыі беларускія мужчыны са зброяй у руках сталі ў стотысячныя шыхты з імем Айчыны на вуснах і ўбачылі, якая ў іх моц. Затрэсьліся ад страху германцы і аўстрыякі па той бок фронту, затросься Керанскі ў Петраградзе. Усё зрабілі часовыя "дэмакраты" (якія нічым ня былі лепшыя за бальшавікоў), каб не пусьціць беларускія палкі на Беларусь, каб раззброіць нацыянальныя вайсковыя злучэньні, якія утваралі тады народы згнілай расейскай імпэрыі. Але не аддасьць ужо цяпер наш народ на забой сваю моладзь, сваіх вайскоўцаў. Разам з цывілізаванымі народамі Эўропы беларусы будуць жыць па законах эўрапейскай цывілізацыі, грунтуючыся на агульных пластах эўрапейскай гісторыі і культуры.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ