У ПРАЗЕ ВІЛЯЮЦЬ

2 сакавіка 2006 г. Чэшская газэта "Lidove Noviny" піша пра візыт Пуціна ў Чэхію. Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў Празе, крамлёўскі начальнік заявіў наконт інвазіі саветаў у 1968 г. у Чэхаславаччыну: "Маральная адказнасьць ёсьць". Потым на размовах з чэшскім прэмьерам Вацлавам Клаўсам Пуцін дадаў: "А юрыдычнай адказнасьці ня можа быць..." Клаўс пасьпяшаўся затушаваць канфуз: "Мы ня можам абмяркоўваць тое, што зрабіў Брэжняў і Савецкі саюз у 1968 г. Мы глядзім у цяпершчыну і будучыню... Расейска-чэшскія адносіны беспраблемныя і заснаваны на прагматызме". Газэта адзначае, што на перамовах закраналася таксама й праблема Чачэніі. Клаўс выказаўся даволі кур'ёзна на гэты конт: "Гэтая праблема займае ня толькі нас, але і Расею. Ва ўласных інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі, каб гэтая праблема была вырашана...".

Наш камэнтар: І трэба ж так апусьціцца чэшскаму эстэблішмэнту, так кланяцца і лізаць рукі нафта-газаваму пастаўшчыку! Гэты Клаўс не саромеўся выглядаць сьвяточным Санта-Клаўсам і расказваць розныя байкі маскоўскаму гэбісту. Абы толькі той не разьюшыўся ды раптам ня грукнуў бы кулаком па стале.

Як "вырашаецца праблема Чачэніі" расейскім рэжымам, усе ведаюць — паводле праекта Крамля, калі будзе зьнішчаны чачэнскі народ, то і праблемы ня будзе. Усе ў сьвеце (камэнтароў на гэты конт вельмі шмат ва ўсіх СМІ) заўважылі нахабную ўпартасьць Крамля ў нежаданьні прызнаць юрыдычную адказнасьць за дзяржаўнае злачынства таго ж Крамля, зьдзейсьненае ў 1968 г. Не засталося гэта без увагі і ў Празе. Пуціну паднесьлі адкрыты ліст, падпісаны ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру Дэсманам Туту, Вацлавам Гавэлам і іншымі. У звароце выказваецца пратэст супраць забойстваў у Чачэніі, а таксама трывога наконт узмацненьня аўтарытарызму ў самой Расеі. Але пражскія "прагматыкі" не заўважылі і не камэнтавалі гэты некамфортны зварот. У іх свой, прагматычны клопат. У 1938 г. такія прагматыкі ўжо давялі Чэхаславаччыну да нямецкай акупацыі, у 1948 г. давялі да савецкай. А вось "некамфортныя рамантыкі", сапраўдныя патрыёты Дубчэк і Гавэл у 1968 г. і 1989 г. вырвалі сваю краіну з кашмарных абдымак маскоўскага сатаны. Бачна, што ў Празе настаў чарговы пэрыяд прагматызму. Чакай бяды.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ