ГЕРОІ ЦЁМНАГА ЧАСУ
1 сакавіка шклоўскі рэжым раздаваў зоркі герояў савецкага саюза сваім героям. І сапраўды, мэдалькі — дакладная копія "залатой зоркі героя СС". Толькі на стужачцы ёсьць танюпасенькая зялёная палосачка. Сярод "герояў" найбольш кур'ёзны тып — банкаўскі начальнік Пракаповіч з ягонай дурнаватай усьмешачкай. Гэтага "вечна усьмешлівага" узнагародзілі за "рэзкае падвышэньне і паляпшэньне" фінансаў РБ. Па тэлевізару сказалі, што ён шмат золата накапіў у сутарэньнях нацбанку (вось, дарэчы, прыдуць маскоўскія акупанты гаспадарыць у "саюзнай дзяржаве" — а золата на месцы, дадуць Пракаповічу яшчэ адну зорку). Наступным быў прыдворны жывапісец Савіцкі. Ну, з гэтым вечным лёкаям усё даўно ясна, амплуа такое. Таксама, як і з галоўным бацюшкам РПЦ у РБ Філярэтам. Бацюшка дзячыў сваіх "благодетелей" на "царкоўна-славянскім" дыялекце: "Зело благодарен есьмь. Как ныне, так и присно буду трудиться на благо моего Отечества и на благо моего народа..." Што гэта ў яго за "отечество" і якому народу ён служыць, мы даўно ведаем па выніках русіфікацыі ў РПЦ і ў РБ. Дарэчы, нялішнім будзе ўспомніць, як на ўручэньні расейскага ордэну гэты бацюшка гукаў гады тры таму: "Служу России и союзному государству!..." Такія вось героі нашага часу.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ