ІМПЭРСКАЯ МІМІКРЫЯ
27 лютага 2006 г. Нямецкая газэта "Der Spiegel" публікуе інтэрвію з брытанскім гісторыкам Рычардам Овэры. У апошняй сваёй кнізе "Дыктатары" гісторык дэманструе роднаснасьць прыроды і разьвіцьця расейскага бальшавізму-сталінізму і нямецкага нацыянал-сацыялізму-гітлерызму. Абедзьве сістэмы зьняважліва ставіліся да прававой дзяржавы і гатовыя былі ўжываць любыя мэтады дзеля дасягненьня сваёй мэты. Тэрор быў галоўным спосабам для гітлерцаў і бальшавікоў. Але спэцслужбы абодвух сістэмаў самы па сабе ня здолелі б запалохаць і кантраляваць грамадзтва. І НКВД і гестапа мелі прыкладна па 20 тысячаў штатных супрацоўнікаў. Менавіта партыйныя кадры і структуры бальшавікоў і нацыстаў адыгралі выключна важную ролю ў тэроры супраць сваіх народаў. Сістэма данасіцельства таксама дэмаралізавала грамадзтва. Овэры падкрэсьлівае важнасьць ленінскай спадчыны для фармаваньня Гітлера. Вядома, што пасьля няўдалага путчу ў 1923 г. Гітлер, знаходзячыся ў турме ў Ландэсбэргу, прачытаў шэраг працаў Леніна і быў пад моцным уплывам ленінізму.
Наш камэнтар: У інтэрвію брытанскі гісторык, аднак, не згадаў пра самую вялікую розьніцу паміж гітлерызмам і бальшавізмам. Пасьля разгрому гітлерскага рэйху ў 1945 г. пераможцы забарнілі гітлерскую ідэялёгію, партыю, сымболіку, абвесьцілі антычалавечымі, злачыннымі арганізацыямі гестапа і СС, пасадзілі ў турму і нават павесілі шэраг гітлерскіх злачынцаў. А вось чырвоны бальшавіцкі фашызм працягнуў сваё існаваньне на доўгія дзесяцігоддзі, зьнішчаючы людзей і народы. Пасьля першага распаду бальшавіцка-расейскай імпэрыі ў 1991 г. чырвоны фашызм прадэманстраваў валоднанье прыёмамі мімікрыі. Стаў называцца "дэмакратыяй" і "капіталізмам". Але яшчэ больш жудаснай засталася ягоная сутнасьць. Цяпер не КПСС, а само бальшавіцкае гестапа — КГБ-ФСБ — знаходзіцца пры ўладзе ў Маскве, Лубянка шыхтом і з песьнямі перамясьцілася ў Крэмль і ўдае хаўрусьніка заходніх краінаў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам (арганізоўваючы рукамі наймітаў тэрор на ўсім сьвеце). Па ўсёй змрочнай бальшавіцка-фашыстоўскай імпэрыі стаяць тысячы і тысячы помнікаў і знакаў чырвонай чумы: леніны, калініны, свердлавы, сярпы-малаты, зоркі. Расея ня крыецца з праектам аднаўленьня свайго рэйху ў былых межах, вядзе агрэсію супраць Беларусі, Украіны, Грузіі, зьнішчае народы на Каўказе. А заходнія гісторыкі і палітыкі разважаюць пра НКВД, бальшавізм і Крэмль, як пра піраміды і сфінкса, як пра далёкую мінуўшчыну. Яны нават ня бачаць (ці баяцца прызнацца, што бачаць), што мумія бальшавіцкай імпэрыі не згніла. Пачвара пачуваецца камфортна, гандлюе нафтай і газам, вяртае адну за адной свае пазіцыі ў сьвеце, а часам у адкрытую заяўляе заходнікам пра "кузькіну мать". Наперадзе яшчэ салідарныя дзеяньні народаў па арганізацыі пахавальнай цырымоніі для маскоўскай муміі і яе імпэрыі, месца якой на могілках гісторыі.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ