УРАД ЧЫНОЎНІКАЎ
26 лютага 2006 г. Гішпанская газэта "АВС" паведамляе пра ўчорашнія дэманстрацыі ў сталіцы Ірляндыі Дубліне. Па Дубліне вырашылі прайсьціся так званыя ўніаністы — прыхільнікі існаваньня ўсёй Ірляндыі ў складзе Вялікай Брытаніі. Іхны марш быў дазволены ўладамі і ахоўваўся паліцыяй. Патрыёты, арганізаваныя партыяй Шын Фэйн, перагарадзілі шлях гэтаму маршу і атакавалі ўніаністаў. Шмат дэманстрантаў і паліцыянтаў было паранена ў сутыкненьнях.
Наш камэнтар: Раней прабрытанскія ўніаністы рэгулярна маршыравалі пад імпэрскімі сьцягамі па гарадах Паўночнай Ірляндыі (шэсьць графстваў рэгіёна Ольстэр пасьля адваяваньня незалежнасьці Ірляндыяй засталіся пад уладай брытанскай імпэрыі). І вось цяпер гэтыя антыпатрыёты вырашылі прайсьціся па сталіцы незалежнай Ірляндыі. Ды атрымалі дыхту ад патрыётаў. Урад у імя "свабоды слова" даў дазвол на шэсьце гэтых антыірляндцаў, паліцыя бараніла іх. Мы памятаем прадстаўнічкоў гэтага ўраду. Роўна два гады таму Ірляндыя была дзяжурным па Эўразьвязу. Ірляндскі афіцыёз прыняў эстафэту вырашэньня ўсіх эўрапейскіх канфліктаў. У тым ліку і беларускага. Але аказалася, што самастойнай пазыцыі ў афіцыйнага Дубліна не было, Ганс Вік камандваў усім парадам. У студзені 2004 г. у Менск прыехаў з Масквы амбасадар Ірляндыі з сакратарамі. У піўным рэстаране ірляндскае начальства накрыла вялікі стол для прадстаўнічкоў псэўдаапазыцыі. Вінцучкі, лебедько і іншыя пустышкі пад піва і ракі распавядалі пра сваю "барыкадную барацьбу". А маскоўскія дублінцы абяцалі ім гранты, калі яны будуць надалей трымацца разам і слухацца Масквы і Брусэля. Так цэмэнтавалася "магутная кучка" лёкайскіх дзеячаў мясцовага калібру. І ўсё ў імя "свабоды слова" і пошуку "акцэптабельнага" (для Масквы і Захаду) апазіцыйнага лідэра. Прайшло два гады, гранты раскралі, а з падстаўным лідэрам усё ніяк ня могуць разабрацца. Іх цяпер ужо атрымліваецца два (Мілі і Казуля). Але афіцыйным ірляндцам ня сорамна ні за свой учорашні Дублін, ні за нашую сёньняшнюю Беларусь. У Эўразьвязе ўжо іншы дзяжурны — Аўстрыя, у Дубліне ўмылі ручкі. Не засталося на Захадзе сапраўдных палітыкаў, а толькі дробныя і вёрткія чыноўнікі, у якіх не існуе паняцьця палітычнай адказнасьці ні перад сваім, ні перад іншымі народамі.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ