ФАЛЬШЫВАСЬЦЬ
А ўсё пачыналася нібыта гэтак "дэмакратычна". Сабраўся "кангрэс дэмсілаў", прагаласавалі, абралі. Павезьлі Мілінкевіча ў Маскву, Стразбург і Брусэль. Потым "дэмакраты" адкінулі нацыянальную сымболіку і ўзьнялі над сваёй "барыкадай" джынсавыя порткі, гукаючы: "Усe пад сьцяг рэвалюцыі!" (Цудоўна ведаючы, што робяць насуперак. Памятаеце спэцыяльны артыкул Зянона Пазьнака пра нацыянальныя колеры беларускага змаганьня, што фальшыўцы выйдуць пад сваімі колерамі але не пад беларускімі. І вось ужо па іхных колерах пазнаем іх.).
Потым пачаў засьвечвацца цэлы шэраг іншых "дэмакратаў". Пасьля побач з Мілінкевічам застаўся толькі Казулін. Заплечным рэжысёрам стала значна лягчэй раздаваць ролі. Мілінкевіч з самага пачатку ўдае лагоднага, ушчэнт інтэлігентнага служку народу абласнога маштабу. Ягоная гаворка льецца, як вада з крану, раўнамерна, без рыўкоў. Ён у адкрытую заяўляе, што на выбарах пераможа канкурэнт Лукашэнка, нават называе, колькі той атрымае адсоткаў галасоў. Але ўсёроўна заклікае людзей ісьці на фальшывыя выбары і "аддаць свой голас".
Побач з гэтай палітычнай гейшай (вядома, што японскія "жрыцы" гэтай прафэсіі ведаюць добрыя манеры і ўмеюць размаўляць з кліентурай пра паэзію і жывапіс) экс-рэктару Казуліну рэжысёры вызначылі іншага кшталту ролю. Ён удае "резкого парня", карцінна махае кулакамі, гаворыць часам грубыя словы грубым тонам, нават назваў атачэньне Лукашэнкі "кодлай" ("сколько мы будем терпеть эту кодлу?"). Многія заўважылі, што Казулін вельмі падобны на свайго шклоўскага канкурэнта. І ў чарговы раз можа спадабацца многім аматарам грубай гаворкі. У тэлеэфіры заўчора абодва "агульныя дэмакраты" выступалі на мове расейскіх акупантаў, на "языке" антыбеларускага рэжыму. Яны лішні раз дэманстравалі сваю адпаведнасьць тэндэнцыі прыніжэньня і зьнішчэньня нашай мовы, хоць на словах казалі іншае.
"Незалежныя" СМІ на розныя лады выкручваюцца, каб растлумачыць людзям гэтыя асаблівасьці моўных паводзінаў "дэмкандыдатаў". Найбольш актыўная ў гэтым і шмат у чым іншым радыё Свабода. Сапраўдныя патрыёты-журналісты даўно б ужо распранулі гэтых кандыдатаў на караля. Дастаткова было б толькі час ад часу цытаваць гэтых "спаборнікаў" і мінімальных камэнтароў іхнай заранёў правальнай пазіцыі.
Але ня бачна тут ніякага адказнага разуменьня. Дэзынфармацыя, падман людзей, фальшывыя арыенціры — вось спосабы, якімі актыўна карыстаюцца цяперашнія журналісты і псэўдажурналісты. На газэтных палосах і ў эфіры апошнім часам замільгацелі імёны і "гераклавыя подзьвігі" асобаў, якія ўжо даўно прадэманстравалі сваю варожасьць да ўсяго беларускага і сваю агентурную дзейнасьць. Адстаўны дзеяч гэбоўскай дыпляматыі Саннікаў раптам гукнуў па "Свабодзе", што перад выбарамі рэжым абавязкава арыштуе шэраг апазыцыянэраў. Сярод будучых "арыштантаў" Саннікаў назваў функцыянераў з сваёй "Хартыі-97" (але чамусьці не назваў сабе самога). Такія "пакутнікі" ужо зьявіліся, папы-гапоны і попікі-гапончыкі розных калібраў і жанраў замельцяшылі на інфармацыйнай сцэне Беларусі.
Не выпадкова, што з сваіх хованак пачалі вылазіць цені недалёкай мінуўшчыны. Напрыклад на радыё "Свабода" ўзьнік такі Шарамет. Ён мільгацеў у 1990-х гадах у Менску, удаваў "незалежнага журналіста". Ужо шмат гадоў ён верна служыць у Маскве, "называет своей родіной Советскій союз". Накруціў фільмаў пра "мужественную борьбу русской арміі протів чеченскіх террорістов", кансультуе гэбэ, як душыць беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў, называе Зянона Пазьняка "врагом белорусского народа". У нармальнай краіне такога не пусьцілі б нават да дзяржмяжы наблізіцца. А на беларускай "Свабодзе" гэты ненавісьнік нацыянальнай Беларусі прачытаў (па руску!) цэлы радыёманалёг, дзе палохаў слухачоў Зянонам Пазьняком і "нацыяналістычным фашызмам". Якая ўсё ж подласьць. Надзьмуваюцца лубянскія правакатары ўсіх масьцяў, хвалююца нячысьцікі, што беларусы раптам убачаць фальшывасьць усёй гэтай публікі, што народ актыўна падтрымае Народнае Галасаваньне. Можна быць упэўненым, што ў бліжэйшыя дні і тыдні мы прачытаем і пачуем яшчэ шмат чаго "сэнсацыйнага".
Але дрыжыць ўжо шклоўскі рэжым і доўга не праіснуе.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ