НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭКА Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ

24 лютага 2006 г. Латвійская газэта "Neatkariga Rita Avize" друкуе артыкул пад тытулам "Выкраданьне стагоддзя ў Англіі". Хваткая банда злодзеяў скрала ў банку ў графстве Кэнт да 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Перад гэтым злачынцы бралі ў закладнікі мэнэджэра банку і ягоную сямью.

Наш камэнтар: Пра гэты налёт паведамляюць усе СМІ сьвету. Зловяць злачынцаў ці ня зловяць, але месца ў кнізе рэкордаў Гінэса, у дэтэктыўнай літаратуры і адпаведным кінажанры ім ужо забясьпечана. На працягу гадоў, аднак, газэтчыкі і кінематаграфісты не заўважаюць яшчэ адно рэкорднае выкраданьне, пасярод якога закладнікам зрабіўся ўвесь беларускі народ. Пакуль не заваліўся шклоўскі фальшывы "дыямэнт" пад назвай "національная бібліотека", туды ужо некалькі месяцаў завозяць фурамі кнігі. Скора пачнуць завозіць людзей, супрацоўніц гэтай злачыннай выдумкі рэжыму. Бедныя людзі, бедныя кнігі. Ужо вядома, што шэраг адказных асобаў (інжынэры, будаўнікі, архітэктары) адмовіліся падпісваць дакумэнтацыю на дазвол эксплюатацыі гэтага монстру. Пабудаваны на падземных водах, нестабільным грунце, з парушэньням усіх прынцыпаў будаўніцтва, змрочны гігант ужо цяпер дае шчыліны і можа заваліцца ў любы момант. Чаму з такой упартасьцю антынародны рэжым абдзіраў з усіх грамадзянаў краіны, прадпрыемстваў і фірмаў грошы на гэтую манумэнтальную пустышку, калі ўжо стала вядома, што яна ад самага пачатку знаходзіцца ў аварыйным стане? А таму, што гэтае пэрманэнтнае ламачча сталася выгадным прыкрыцьцём для буйнамаштабнага раскраданьня народных грошай. Дзяржзлодзеі начале з сваім паханом сьпісвалі велізарныя сумы то на "адмысловае шкло з Нямеччыны", то на "новыя мэталічныя падпоркі". Гэтае "шкло" і "мэтал" павінны былі б быць выключна з золата ў пераліку на заяўленыя сумы. Скрадзены дзесяткі мільёнаў даляраў, на якія можна было б аздаравіць тысячы музэяў, бібліятэкаў і цэнтраў культуры. Пасьля краху рэжыму злодзеяў у Менску абавязкава адбудзецца адмысловы трыбунал над бандай бібліятэчных злодзеяў. Але самае страшнае можа яшчэ наперадзе, калі, ня дай Бог, будынак разваліцца і станецца нацыянальная катастрофа — загіне нацыянальны фонд кніг. Нават страшна падумаць пра гэта.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ