ЭЎРАРУСІФІКАТАРЫ ЗЬБІРАЮЦЦА ВУЧЫЦЬ НАС “СЬВЯДОМАСЬЦІ”

24 лютага 2006 г. Славацкая газэта "Sme" піша пра чарговую ініцыятыву Брусэля на Беларусі. З 26 лютага на грошы Эўразьвязу пачынаецца радыётрансляцыя на Беларусь. Сакратарка Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр сказала на гэта: "Гэта падвысіць сьвядомасьць беларусаў, пазнаёміць іх з краінамі Эўразьвязу". Адмысловая праграма будзе называцца "Акно ў Эўропу". Перадачы будуць весьціся на беларускай і расейскай мовах. Славакі таксама паведамляюць, што днямі "незалежная расейская радыёстанцыя "РТВ" таксама пачне перадаваць праграмы на Беларусь з дыскусіямі пра дэмакратыю".

Наш камэнтар: Вельмі гладкае паведамленьне пра "радыёпадтрымку Брусэля і Масквы беларускай дэмакратыі". Няхай бы славакам наладзілі такое ў 1970-80-я гады падчас іхнай барацьбы супраць маскоўскай акупацыі. Няхай бы ім Эўразьвяз паспрабаваў крутануць радыёпраграмы на мове акупантаў. Не паведамляюць славацкія журналісты сваім чытачам пра тое, што летась беларускія патрыёты зьвярнуліся да Эўразьвязу з патрабаваньнем адстаўкі аўстрыйскай немкі Бэніты і абвясьцілі яе пэрсонай нон грата (непажаданай асобай) на Беларусі. Так беларусы ацанілі русіфікатарскія дзеяньні сакратаркі і яе арганізацыі, якія падыгрываюць Маскве. А ўжо анэкдатычнае паведамленьне аб тым, што нейкая расейская радыёстанцыя будзе вучыць нас дэмакратыі, гэта зусім сьмеху варта. Была ўжо такая маскоўская гэбоўская праграма, называлася "Чечня свободная". І ўвесь гэты антыбеларускі радыёвэрхал арганізоўваецца пад дэвізам "падвышэньня сьвядомасьці беларускага народу". Цынічныя эўралібэралы-сацыялісты вядуць разам з Крамлём дэмаралізатарскую працу супраць нашага і іншых народаў, але абавязкава нарвуцца на салідарны народны адлуп.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ