АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ ДЗЕЙНІЧАЕ АДКРЫТА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ
Апошнім часам беларусам зь Нью-Ёрку стала немагчыма датэлефанавацца ў Беларусь да пісьменьнікаў. Механічны голас у слухаўцы выраблена гугнявіць па-расейску: то "лінія повріждіна", то "позвоніте попозже". І так з дня ў дзень. Першай лопнула цярпеньне Валенціне Якімовіч. Зьвярнулася яна ў кампанію MasterCall, праз якую тэлефанавала акурат Міхасю Скоблу, і пытаецца чаму гэта сувязь зьнікла. А ёй і адказваюць, што кампанія ні пры чым, бо у сувязі з палітычнымі падыходамі ў Беларусі гэты нумар і шэраг іншых зачыненыя для камунікацыі беларускім бокам. Пасьля гэтага Валенціна тэлефануе мне і пытаецца ці не ўвялі на Беларусі ваеннае становішча.
Якое становішча ў Беларусі — вядома. Нацыю душаць. Беларусажэрцы заплянавалі ліквідаваць галоўную нацыянальную арганізацыю Беларусі — саюз пісьменьнікаў, да зьнішчэньня якога маскоўская Лубянка і рэжымная улада ў Менску рэгулярна крок за крокам падступаліся ўсе гэтыя дванаццаць ганебных гадоў. Таму сувязь з Амэрыкай на пісьменьніцкія тэлефоны адключылі заранёў.
22 лютага Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ў Вярхоўны суд з прапановай ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Першае пасяджэньне Вярхоўнага суду ў гэтай справе прызначана на 3 сакавіка. Галоўныя прэтэнзіі да пісьменьнікаў носяць адкрыта ёрніцкі характар. Беларусаненавісьнікі ўпэўненыя, што зробяць сваю справу.
Міністэрства юстыцыі пералічыла "прэтэнзіі" да найстарэйшай у краіне творчай арганізацыі, а менавіта — адсутнасьць арыгіналу статуту, наяўнасьць на будынку Дома літаратара шыльды з выявай гербу "Пагоня", карыстаньне цягам чатырох месяцаў пячаткай, на якой назва арганізацыі ня ўзятая ў двукосьсі, а таксама правядзеньне ў 2005 годзе ў кавярні Дома літаратара арганізацыйнага зьезду "Грамады" (да якога пісьменьнікі ня маюць дачыненьняў).
Прыкрываючыся выбарамі, Масква заплянавала шмат разбурэньняў у Беларусі. Гэта ёй лёгка рабіць, там дзе народ не супраціўляецца. Але не заўсёды так будзе. Літаратуру мы не страцім. Бацькаўшчыну зьберажэм, а зь беларусажэрцамі і здрадай — паквітаемся. Яны нам яшчэ адкажуць і за літаратуру, і за Сьцяг, і за Пагоню, і за ўвесь народ.
Зянон Пазьняк