ЯК ДЗЕ ГЕРОЙ, ЯК ДЗЕ — ЗЛАЧЫНЦА

23 лютага 2006 г. Італьянская газэта "Corriere della Sera" цытуе пракурора Гаагскага трыбуналу Карлу дэль Понтэ, якая сказала ўчора: "Младзіч яшчэ недзе бегае. Трэба яго шукаць..." Так завяршылася кароткачасовая шуміха, наладжаная некалькімі прагнымі сэнсацыяў журналістамі. На працягу некалькіх дзён газэты ўсяго сьвету, падхапіўшы правакацыйную дэзу, шумелі: "Младзіч хаваецца ў Сэрбіі, але скора здасца ў Гаагскі трыбунал!...".

Наш камэнтар: Крыкі і вэрхал аказаліся пустой сэнсацыяй. Нягледзячы на ўсе агульнаэўрапейскія пагрозы не прымаць Сэрбію ў Эўразьвяз, Белград не выдае свайго ваеннага злачынцу (хаця, безумоўна, ведае, дзе той хаваецца). Зразумела, што калі б у югаслаўскай вайне 1991-96 гадоў перамаглі б сэрбскія імпэрыялісты, то ніхто б не шукаў гэтага Младзіча і іншых арганізатараў забойстваў. Ніхто цяпер, напрыклад, не арыштоўвае і не пасылае пад канвоем у Гаагу Ельцына, Пуціна, Іванова і шэраг іншых расейскіх арганізатараў забойстваў. Прычына адзіная — народы, якія вядуць барацьбу супраць маскоўскай імпэрыі, яшчэ не завяршылі справу разгромам імпэрыялістычных агрэсараў. Двухаблічны Захад называе змагарныя народы "тэрарыстамі", падтрымлівае Крэмль, гандлюецца зь ім за сфэры ўплыву, цалуецца з пуцінымі-івановымі ў Брусэлі, Мадрыдзе і Бэрліне. Толькі павінны памятаць маскоўскія забойцы народаў, залітыя крывёй нявінных дзяцей, што настане час, і Захад таксама і ў адносінах да іх самых прадэманструе тую ж сваю двухаблічнасьць. Успомнім, як Захад прызнаваў легітымным таго ж Мілошавіча, як на працягу гадоў (калі сэрбы тварылі жудасныя злачынствы ў сваіх былых калёніях) Захад адзінадушна выступаў за "адзінства Югаславіі", даючы карт-бланш забойцам. Але балканскія народы перамаглі лютага агрэсара ня гледзячы ні на што. І што ж, Захад спусьціў сабак на ўчорашніх сваіх "дарагіх хаўрусьнікаў". Дажывем мы яшчэ да журналісцка-пракурорскіх вэрхалаў пад газэтнымі тытуламі кшталту "Ваенныя злачынцы Пуцін і Іваноў хаваюцца на Кубе".

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ