ДЗЕЯНЬНІ АКУПАЦЫЙНАГА РЭЖЫМУ. (КДБ ПРАВОДЗІЦЬ ПЕРАТРУСЫ Ў КВАТЭРАХ БЕЛАРУСАЎ.)

У кватэрах шэрагу беларускіх актывістаў Полаччыны прайшлі ператрусы. Рабілі іх людзі, які прадстаўляліся супрацоўнікамі абласной управы КДБ. У першай палове дня ператрэсьлі кватэры палачаніна Дзяніса Салдаценкі, навапалачанаў Аляксея Трубкіна і Ганны Корбы, жыхара прыгараднага пасёлку Баравуха Анатоля Каханчыка, а таксама офіс наваполацкага прадпрымальніка Зьмітра Салаўёва.

Ператрусы санкцыянаваў першы намесьнік пракурора Менску старшы саветнік юстыцыі Старавойтаў на падставе распачатай сталічнай пракуратурай крымінальнай справы па артыкуле 367, частка 1 Крымінальнага кодэксу — паклёп на прэзыдэнта. Беларусы нічога пра гэта ня ведаюць. А непасрэдна пастанову аб вобысках вынес сьледчы ў важных справах менскай пракуратуры малодшы саветнік юстыцыі Шкарбута. Падчас ператрусаў канфіскоўвалі матэрыялы выбарчай тэматыкі, беларускамоўныя газэты, пасьведчаньні ды іншыя беларускія матэрыялы. Вось што паведаміў для радыё "Свабода" навапалачанін Аляксей Трубкін, у кватэры якога адбыўся ператрус:

Трубкін: "А палове на дзявятую да мяне ў кватэру прыйшлі чатыры грамадзяніны, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, а таксама два панятыя. Яны прад'явілі ордэр і пачалі ператрус. Калі я пацікавіўся, у чым мяне абвінавачваюць, уцямнага адказу не было. У мяне сканфіскавалі брашуры, кніжкі, беластоцкую "Ніву", "Народную Волю", візытоўкі, фронтаўскае ды тэбээмаўскае пасьведчаньні ды іншыя дробныя рэчы".

Як стала вядома, ператрусы ў кватэрах беларусккіх актывістаў працягваюцца. Выглядае, што перад выбарамі рэжым пачаў агульную атаку на беларусаў.

Сёньня ў Менску супрацоўнікі КДБ зрабілі таксама ператрус у кватэры кіраўніка незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" Міколы Астрэйкі.

Апэратыўнікі КДБ забралі ў яго кампутары, нататнікі й іншыя носьбіты інфармацыі. Кадэбісты патлумачылі, што распачата крымінальная справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Паводле іх, Мікола Астрэйка "падазраваны" ў гэтай справе.

Сваякам Міколы апэратыўнікі паведамілі, што яго павезьлі на допыт у КДБ. Пры гэтым аддзел інфармацыі не дае ніякай інфармацыі наконт затрыманых іхным сваякам і журналістам.

Жонка Міколы Астрэйкі Паліна бачыла, як супрацоўнікі КДБ пагражалі пісталетам яе мужу.

Паліна: "Мы зараз ня ведаем, як перадаць ім цёплыя рэчы ды харчаваньне. Я ў шоку. Я бачыла ў вакно, як яны падбеглі да машыны і прыстаўлялі да яго пісталет. Гэта нейкі сюррэалізм. Зразумела, гэта бачылі ўсе суседзі... Яго цягнулі як нейкага небясьпечнага злачынцу".

Выглядае, што так званы "паклёп на Лукашэнку" прыдуманы, каб хапаць беларускіх актывістаў.

Паводле радыё "Свабода"