НАШЧАДКІ ЦАРА-ЗАБОЙЦЫ СТУКАЮЦЦА Ў ЛУБЯНКУ
21 лютага 2006 г. Нідэрландская газэта "De Telegraaf" піша пра сямью Раманавых, якая спрабавала знайсьці "справядлівасьць" у Маскве. Нашчадкі расейскіх цароў напісалі нядаўна заяву ў Генпракуратуру РФ з патрабаваньням прызнаць расстраляную сямью апошняга цара Мікалая ахвярамі палітычных рэпрэсіяў. На гэта пракуроры адказалі, што акт забойства быў крымінальным злачынствам, на якое ніякія адказныя дзяржаўныя асобы загаду не давалі. Яшчэ ў 1991 г. парэшткі расстралянай царскай сямьі былі пахаваныя ў Петрапаўлаўскім саборы ў Пецярбургу, побач з іншымі пахаваньнямі цароў.
Наш камэнтар: Вось і Раманавы пазнаёміліся з лубянскай юстыцыяй. Цяпер, аднак, нават старшакляснікі ведаюць, што рашэньне аб расстрэле царскай сямьі прыняло палітбюро бальшавіцкага ЦК у 1918 г. Было нават галасаваньне (хітранькі Ленін выскачыў з цэкоўскага памяшканьня, не галасаваў і застаўся "чысьценькім"), пасьля якога цэкоўцы паслалі екацірэнбургскім таварышам тэлеграмку: "Кончайте с этім поскорее..." ВЧК арганізавала сваіх прафэсійных забойцаў і тыя па-зьверску зьнішчылі цара з жонкай і дзецьмі (разам з трыма "недваранамі" з прыслугі).
РПЦ даўно ўжо намалявала і разаслала па ўсей сваёй псэўдаправаслаўнай імпэрыі (таксама і па Беларусі) сотні тысячаў выяваў Мікалая ІІ з німбам сьвятога. Безумоўна, забойства цэлай сям'і, тым больш дзяцей зьяўляецца жудасным злачынствам. Толькі трэба падкрэсьліць — дзяржаўным злачынствам. Пуцінская Фэміда, аднак, ня хоча прызнаваць гэтага відавочнага факту, каб "не порочіть честь лубянского мундіра". Вось вам і "сьвятая русь". Давялося і цяперашнім эмігранцкім Раманавым патаптацца каля параднага пад'езду крамлёўска-лубянскай канторы ды пайсьці ні з чым.
Товаришчи з ВЧК-ФСБ не залічылі "вялікую маральную падтрымку" іхнай "дэмакратыі", зь якой на Захадзе і ў самой Расеі з канца 1980-х гадоў і да апошняга часу насіліся нашчадкі Раманавых. Памятаем, як іх сустракалі ў ельцынскія часы ў Крамлі, цалавалі ручкі і гукалі "ваше велічество, ваше высочество". Пакарысталіся гэтым бліскучым шалупіньнем ад яйка Фабэржэ па поўнай праграме. А цяпер ўзялі ды заявілі "велічествам", што іхняя мізансцэна скончана, ганарару за удзел у масоўцы ня будзе і можна ехаць назад у Парыж.
Можна было б паспачуваць гэтай расчараванай сямейцы. Але давайце разьбярэмся, якой "праўды" яны патрабавалі. Можа праўды пра свайго дзядулю, якога за масавыя расстрэлы мірных дэманстрацыяў народ па ўсёй імпэрыі называў Міколкам Крывавым? У "Крывавую нядзелю" 1905 года па загаду Міколкі войска страляла ў мірны народ, забілі сотні нявінных людзей. Дык трэба нагадаць: той факт, што бальшавікі забілі значна больш людзей, не здымае пэрсанальнай адказнасьці за дзяржаўныя забойствы і за іншыя імпэрскія злачынствы з "сьвятога" цара-імпэрыяліста. Нам таксама ёсьць што ўспомніць пра нашых продкаў. Яшчэ ў 1985 г. штотыднёвік "Літаратура і Мастацтва" ўзяў інтэрв'ю ў аднаго бадзёрага пажылога беларуса з нагоды 80-годдзя знакамітага Курлоўскага расстрэлу на прывакзальнай плошчы, дзе ў 1905 г. расейскія карнікі забілі і паранілі сотні людзей. Герой публікацыі, — тады падлетак, — разам з магутнай дэманстрацыяй пад транспарантамі "Далоў самадзяржаўе! Далоў цара!" прайшоў праз увесь Менск да самога Пішчалаўскага замку. Ахова "менскай Бастыліі" напалохалася мора рашучых людзей і на іхнае патрабаваньне выпусьціла з турмы ўсіх палітвязьняў. Разам зь імі беларусы трыюмфальна пайшлі далей. Але насупраць вакзала іх сустрэлі забойчыя залпы апрычнікаў Міколкі Раманава. Згаданы дзядок з таго страшнага дня насіў на твары блізну ад царскай кулі. Яны стралялі па беларускіх дзецях. А цяпер патрабуюць справядлівасьці. Няхай Раманавы разам з ФСБ і РПЦ забіраюць свае блюзьнерскія "іконкі" з выявай арганізатара масавых забойстваў і моляцца на іх на сваёй чорнай лубянскай "імшы". На шматпакутнай беларускай зямлі чысьцей будзе.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ