ЛУБЯНСКІ ФАНТАМАС

20 лютага 2006 г. Нямецкая газэта "Der Spiegel" паведамляе пра ўчорашнюю публікацыю ў адной экстрэмісцкай газэце ў Эгіпце апошняга інтэрвію з Бін Ладэнам. Тэрарыст № 1 зноў пагражае Амэрыцы, высьмейвае Буша і заклікае да новых тэрактаў.

Наш камэнтар: Засьмяяўся Фантамас... На прыканцы 1960-х гадоў савецкі народ пазнаёміўся з папулярнымі французкімі фільмамі пра таямнічага злодзея-тэрарыста ў кур'ёзнай блакітнай гумовай масцы. Фантамас штораз уцякаў ад бязглуздых паліцыянтаў і высакародных журналістаў. Гледачы з захапленьнем сачылі, як ён то на аўтамабіле-ракеце ўзьлятае ў стратасфэру, то дае нурца ў падводнай лодцы. Адмоўны герой стаўся даволі ўсюдыпрысутным і па-за рамкамі кінаэкрана. Газэты паведамлялі: то ў Канатопе дом культуры падпаляць і падкінуць запіску з кароткім аўтарскім прызнаньнем — "Прывет ад Фантамаса", то ў Ленінградзе машыну ўгоняць і пакінуць эпісталу таго ж зместу. Нават дзеці ў школе рабілі шкоду, прыкрываючыся Фантамасам.

Здавалася б, павінна хапіць чатырох гадоў пасьля 11 верасьня 2001 г., каб зразумець, што маштабныя тэракты па ўсім сьвеце проста тэхнічна немагчыма арганізаваць нейкай Аль-Каедзе зь ейным няўлоўным фантамасам у чалме. Нават у расейскіх газэтах (напрыклад, у папулярных "Аргументах і фактах") зьявіліся публікацыі адстаўных генэралаў КГБ СССР, якія аргумэнтавана высьмейвалі шуміху вакол Бін Ладэна, што камандуе тэрарыстычнымі арміямі па мабільным тэлефоне, седзячы ў пячоры пасярод гораў Тора-Бора. Лубянцы прапанавалі кожнаму грамадзяніну паспрабаваць такім жа чынам сабраць у Маскве ў адно месца паўтара дзесятка ягоных сяброў і знаёмых — нічога ня выйдзе. З гэтага яны зрабілі рэвэляцыйную выснову, што 11 верасьня, Бін Ладэна і ўсё астатняе арганізавалі чалавецтву амэрыканскія ўлады і ЦРУ (маўляў, каб умацаваць свой "паліцэйскі рэжым" і застацца пры ўладзе). Цікава, што публікацыі такога кшталту пасыпаліся ў расейскіх СМІ пазалетась амаль адразу пасьля таго, як сп. Зянон Пазьняк у адным з сваіх артыкулаў задаў рытарычныя пытаньні: каму выгадныя вайна ў Іраку і міжнародны тэрарызм і хто атрымлівае шалёныя прыбыткі з гэтай трагедыі? Факты дэманструюць, што чыстая выгада пры адсутнасьці рызыкі належыць выключна Расеі, а дакладней гэбоўскаму кіраўніцтву імпэрыі (шалёныя прыбыткі ад высокіх коштаў на нафту, дэстабілізацыя заходніх і ўсходніх канкурэнтаў, вяртаньне Расеі на гэтым фоне ў нішу важнага геапалітычнага партнёра і г.д.). Сфармуляваныя сп. Зянонам Пазьняком доказы расейскага кіраваньня і арганізацыі міжнароднай тэрарыстычнай вайны супраць чалавецтва былі настолькі зразумелымі і пераканаўчымі, што лубянскія "інтэлектуалы" не на жарт ўстрывожыліся і замітусіліся, залапаталі пра "амэрыканскі сьлед". Нават яны ўжо былі гатовыя здаць у архіў экзатычнага і "няўлоўнага" Бін Ладэна. Але цікава, што заходнія спэцы, аналітыкі і журналісты так аніразу і не разглядзелі ўсур'ёз гэтыя факты. Паступова ўсё ўляглося. І вось з інтэрвалам ў два-тры месяцы заходнікі паведамляюць, што Фантамас зрабіў чарговую сваю заяву, зноў паабяцаўся паказаць усім "кузькіну мать". Ва ўмовах дзіўнай сьлепаты заходняга эстэблішмэнта і ягоных спэцслужбаў расейская ФСБ-КГБ можа рукамі наймітаў зньнішчаць людзей і гарады, нацкоўваць народы адзін на аднаго, распальваць войны і канфлікты на працягу гадоў. А Захад ўсё будзе рытуальна кланяцца і паўтараць: "Расея — наш верны хаўрусьнік у барацьбе з тэрарызмам. Масква мае вялікі досьвед гэтай барацьбы ў Чачэніі і Беслане...".

Беларусам, як кожнаму эўрапейскаму народу, трэба ўсьведаміць подлую і сапраўдную ролю расейскай імпэрыі ў тэрарыстычнай вайне супраць чалавецтва і абараніцца ад расейскай агрэсіі.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ