КАТАЛЁНІЯ НА ШЛЯХУ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ
19 лютага 2006 г. Нарвэжская газэта "Aftenposten" паведамляе пра патрыятычную дэманстрацыю ў сталіцы Каталёніі Барсэлёне. 125 тысячаў чалавек прайшлі пад нацыянальнымі каталёнскімі сьцягамі праз увесь горад. Яны пратэставалі супраць адмовы мадрыдзкай улады афіцыйна прызнаць каталёнцаў нацыяй і патрабавалі права самастойна вызначаць памер падаткаабкладаньня ў Каталёніі.
Наш камэнтар: Пакуль у Брусэлі і Стразбургу лепяць "соедінённые штаты Европы" (яшчэ ленінская мара), народы ў розных канцах кантынэнта змагаюцца за сваё самавызначэньне і вызваленьне ад імпэрскай бюракратыі. Каталёнцам (жыхарам найбольш высакаразьвітага рэгіёну Гішпаніі) абрыдла аплочваць з сваіх сродкаў пасіўнасьць і непрацаздольнасьць шэрагу іншых рэгіёнаў, а таксама карміць эўрабюракратыю. У апошнія гады каталёнцы, — народ тысячагадовай традыцыі нацыянальнай дзяржаўнасьці і культуры, — вярнуўся да роднай каталёнскай мовы, вызначыў яе дзяржаўны і абавязкавы статус. У Мадрыдзе затрымцелі ад страху, што Каталёнія можа раптам абвясьціць дзяржаўную незалежнасьць. І адмовіліся прызнаць, што каталёнцы — нацыя. Нібыта ад таго, што мадрыдская бюракратыя зрабіла такое непрызнаньне, каталёнская нацыя перастала існаваць. Няхай павучацца ў маскоўскіх агрэсараў, як ляпіць гарбушкі на гэтую тэму. Для Масквы існуюць фармальна і беларусы і ўкраінцы, але гэта "ветві велікорусского народа", "славянское едінство", "одна семья" і г.д. Усе імпэрыялісты аднолькавыя, але ёсьць больш хваткія і менш. Сутнасьць, аднак, ад гэтага не мяняецца. І трусяцца яны аднолькава ад пагрозы згубіць багатую тэрыторыю з працавітымі людзьмі.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ