ПУЦІНІСТЫ ПЛЯНУЮЦЬ ТАТАЛЬНУЮ ДЫКТАТУРУ СПЭЦСЛУЖБАЎ

17 лютага Пуцін падпісаў указ аб стварэньні "Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту". Афіцыйная задача новай супэрструктуры — каардынацыя ўсіх сілавых структураў Расеі. Начальнікам НАКа прызначаны Патрушаў, галоўны ў ФСБ. Лубянка будзе кіраваць гэтай супэрструктурай і агучыла павышэньне свайго цэнтральнага апарату на 300 пасадаў. Рэгіянальныя структуры ФСБ цяпер будуць арганізоўваць і кіраваць дзейнасьцю рэгіянальных штабоў НАКа. Рашэньні фэдэральнага штабу НАКа будуць абавязкавымі для выкананьня ўсімі дзяржаўнымі ворганамі. А прадстаўнікі гэтых дзяржворганаў будуць уваходзіць у гэтыя штабы. Лубянскі НАК падпарадкоўвае сабе ўзброеныя сілы, МУС, міністэрства аховы здароўя, міністэрства энэргетыкі, мінтранспарта, мінюстыцыі, росфінманіторынг (прасьцей сказаць, што ён цяпер не падпарадкоўвае). Указ уступіць у сілу пасьля прыняцьця Думай "Закона аб супрацьцдзеяньні тэрарызму", які прайшоў першае чытаньне яшчэ ў сьнежні 2004 г.

Пуцінцы падкінулі гэты заканапраект пасьля зьбітых на прыканцы жніўня 2005 г. пасажырскіх самалётаў, выбухаў у Маскве і бесланскай трагедыі. Тады гэты заканапраект шакіраваў многіх. У ім было шмат чаго: напрыклад, пра тое, што плаціць за шкоду ў выніку тэракта павінна сямьмя тэрарыста (пуцінская і патрушаўская сямейкі даўно б ужо разарыліся), што трэба зьбіваць самалёты, захопленыя тэрарыстамі і г.д. Там былі фармулёўкі "надзвычайнага становішча", "Контртэрарыстычнай апэрацыі" і "рэжыму тэрарыстычнай небясьпекі", паводле якіх можна было поўнасьцю адмяняць канстытуцыйныя нормы, арыштоўваць людзей і забараняць любую дзейнасьць. Разумеем, што расейскае грамадзтва ўжо "сасьпела" для прыняцьця гэтага закону аб дзяржаўным беззаконьні. І скора Расея ўзбагаціцца татальнай дыктатурай спэцслужбаў. Гэбізм працягвае сваю эвалюцыю і дае жудасны плён.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ