НА ЗАХАДЗЕ ПАЧЫНАЮЦЬ ДУМАЦЬ

18 лютага 2006 г. Дацкая газэта "Politiken" публікуе артыкул пад тытулам "Гістарычныя ўцёкі ад сацыял-дэмакратаў". Ніколі ў гісторыі маленькага каралеўства на працягу лічаных дзён не адбываліся такія сур'ёзныя зьмены палітычнай арыентацыі дацкага грамадзтва (мы ўжо паведамлялі пра статыстычныя дадзеныя гэтых працэсаў на сайце pbpf.org). Ня верыцца, калі чытаеш дацкую прэсу, што ўсё гэта напісана іхнімі журналістамі, лексіка і аргумэнтацыя зусім новыя. Запахла рэалізмам успрыняцьця навакольнай рэчаіснасьці. Сацыял-дэмакратаў (нязьменных гаспадароў краіны) грамадзкая думка абвінавачвае ў "браку досьведу". Прапанаваны сацдэкамі "шлях да дабрабыту" ужо не выклікае даверу ў большасьці дацкага грамадзтва. Імкліва расьце народная падтрымка правым сілам — патрыётам-нацыяналістам з Народнай партыі Даніі.

Наш камэнтар: Мы ўжо ня раз пісалі аб тым, як па-майстэрску Лубянка разыграла, нібыта па нотах, правакацыю з карыкатурамі ў малавядомай дацкай газэтцы. Сатаністы з ФСБ справакавалі міжнародны крызіс сусьветных маштабаў. Штодня ў розных краінах гінуць людзі, гараць будынкі, уздымаецца хваля нянавісьці. Трэба прызнаць, што маскоўцы дасягнулі вялікага тактычнага посьпеху, грэюць свае нячыстыя рукі над вогнішчам, дзе гарыць срэбны Крыж дацкага сьцягу. Толькі няхай яны так не радуюцца. На вачах скептыкаў у Эўропе настае ацьверазьвеньне. Мільёны людзей раптам убачылі тупіковасьць і правальнасьць палітыкі левых, чырвоных і ружовых (вечных хаўрусьнікаў Масквы). Патрыятызм, нацыяналізм (паняцьці, высьмеяныя сацыялістамі) становяцца матэрыяльнай сілай для абуджаных грамадзтваў. Людзі пачынаюць кеміць, якую пагрозу іхнаму існаваньню нясе ўвесь гэты брусэльскі балаган, які зросься з экзатычным лубянскім рэйхам. Можна быць упэўненым: з часам улягуцца хвалі рэлігійных пратэстаў, выдахнецца лубянская правакацыя, што так імпэтна бяжыць цяпер на сваіх кароткіх ножках. А народы Эўропы пачнуць падводзіць вынікі (яны цяпер ужо робяць сур'ёзныя высновы з падзеяў) і вырашаць успрыняць жорсткую драму як лекцыю на будучыню. Тактычны посьпех абавязкава абернецца для Масквы поўнай стратэгічнай паразай на заходнім напрамку. Піраміда, якую так карпатліва будавала Расея з сваіх заходніх левых васалаў, ужо цяпер дае шчыліны і сыпецца (як шклоўская "бібліотека" у Менску). Антынацыянальнае прамаскоўскае ўтварэньне ня выратуюць ні Барозу, ні Бэніта, ні Ганс Вік. Ратаваць эўрапейскія краіны ад прамаскоўскага маразму возьмуцца нацыянальныя партыі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ