ЛУБЯНСКАЯ ПРАВАКАЦЫЯ
Ужо некалькі тыдняў мільёны людзей у розных краінах сьвету, кінуўшы штодзённыя справы, удзельнічаюць у акцыях пратэсту. Мусульмане ў эўрапейскіх, азіяцкіх і афрыканскіх краінах паляць сьцягі і прадстаўніцтвы заходніх дзяржаваў і патрабуюць пакараньня сьмерцю аўтараў блюзьнерскіх карыкатураў антыісламскага зьместу. Найбольш дасталася Даніі. Там напалоханыя і ўстрывожаныя людзі, там нясе вялікія страты бізнэс. Для чалавецтва карыкатуры ў дацкай газэтцы "Юлландс-Постэн" (вядомай толькі падпісчыкам у некалькіх правінцыях маленькага каралеўства) і сусьветная драма, што разыгралася пасьля іх апублікаваньня, сталіся поўнай нечаканасьцю. Хто ж стаіць за гэтай маштабнай блюзьнерскай правакацыяй. Хто расчыніў скрынку Пандоры?
Аказалася, што высьветліць гэта надзвычай лёгка. Дастаткова толькі зрабіць некалькі клікаў ў сеціве і пашукаць інтэрнэт-старонкі згаданай дацкай газэткі. У газэтцы працуе мастацкім рэдактарам такі Флемінг Розэ (Flemming Rose). Ён не хавае, што гэта менавіта ён асабіста прыняў рашэньне і даў дабро на публікацыю блюзьнерскіх карыкатураў на прарока Мугамэда. Ну, што ж, здаецца, даў дык і даў. Але пацікавіўшыся творчай біяграфіяй гэтага "іскусствоведа в штатском", мы даведаліся (у тым жа сеціве) цікавыя дэталі. У сувязі з імем рэдактара Розэ на маніторы ўзьнікаюць даўнія старонкі сайту грамадзкай арганізацыі пад назовам "Камітэт падтрымкі Чачэніі", якая даўно дзейнічае ў Даніі і даводзіць дацкаму грамадзтву праўдзівую інвармацыю пра расейскія зьверствы ў Чачэніі і пра мужную барацьбу чачэнскага народу за сваю свабоду. У студзені 2003 г. актывістка гэтай арганізацыі Хэлен Краг (Helen Krag) зьвярнулася праз сеціва і прэсу зь лістом пратэсту. Яна пратэставала супраць дзейнасьці карэспандэнта дацкай газэты "Юлландс-Постэн" у Маскве Флемінга Розэ. Справа ў тым, што калі Х. Краг апублікавала ў Даніі свае меркаваньні пра арганізацыю тэракта ў тэатры на Дуброўцы ў Маскве рукамі ФСБ, Флемінг абрынуўся на яе і на "Камітэт падтрымкі Чачэніі" з грубымі абвінавачваньнямі ў "скажэньні праўды". Флемінг абвінаваціў актывістаў у тым, што "яны называюць усіх расейцаў забойцамі і бандытамі, а чачэнскіх тэрарыстаў высакароднымі змагарамі за волю". Флемінг даў "сваю" вэрсію вайны ў Чачэніі — Расея наводзіць там канстытуцыйны парадак і змагаецца з тэрарыстамі. Адным словам, маскоўскі карэспандэнт зрабіў аўтарскую копію лубянскага арыгінала.
Гэтага Флемінга гэбоўская кантора даўно ўжо выкарыстоўвае ў рамках распаўсюджанага агентурнага жанру — як агента ўплыву. Што ж тут зьдзіўляцца, што менавіта надзейнаму агенту (проверенному товарішчу) Флемінгу ФСБ даручыла чарговую, на гэты раз мастацкую місію: даць дабро на правакацыйныя карыкатуры. Агент заданьне выканаў і асабліва ня крыецца.
Ва ўсёй гэтай гісторыі самае цікавае, што дагэтуль ніхто не дадумаўся зьвязаць імя русіста і былога маскоўскага карэспандэнта Флемінга з драматычнымі падзеямі ў сьвеце. Нікому не прыйшло ў галаву высьветліць, хто стаіць за ім і хто зьяўляецца сапраўдным арганізатарам правакацыі.
Цяпер, калі мы будзем бачыць, як разьюшаны натоўп паліць дацкі сьцяг (чырвонае поле з белым крыжом — колеры Ісуса Хрыста), то павінны разумець, што менавіта Крэмль-Лубянка праз сваю агентуру арганізавалі масавае спаленьне Крыжа і ўсю гэтую міжнародную і міжрэлігійную правакацыю. Яшчэ адным доказам дэструкцыйнай дзейнасьці пуцінскай канторы зьяўляецца факт, што мусульмане на тэрыторыі РФ не арганізавалі аніводнай брутальнай акцыі пратэсту, абмежаваўшыся цывілізаванымі заявамі. Пагромы, пажары і забойствы лубянцам былі патрэбныя ў чужых краінах, а не на сваёй тэрыторыі. Так што не здарма на нашай старонцы pbpf.org мы ўжо выказвалі меркаваньне пра маючае адбыцца ўзнагароджваньне купкі дацкіх агентаў ФСБ ордэнам "Дружбы Народаў". Вось вам і "взвейтесь, соколы орламі..." Такіх маштабаў, прызнацца, не дасягалі нават Дзяржынскі з Бэрыям.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ